Пасхальнае пасланне епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна

Дарагія ў Госпадзе айцы, браты і сёстры!

Хрыстос Уваскрэс!

Зноў і зноў радасць азарае нашы сэрцы, якія з верай адклікаюцца на гэтае прывітанне ў велікодную ноч Уваскрасення! Сапраўды, ноч велікодная – святлазарная ноч святланоснага дня, як спяваецца ў Царкве! Сапраўды, цяпер «усё напоўнілася святлом – і неба, і зямля, і прадонне», усё асветлена, усё напоўнена сэнсам, бо сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

Паўстаўшы з мёртвых, Гасподзь наш Іісус Хрыстос перамог смерць і праз Крыж, які стаў знакам перамогі над смерцю, пазбавіў нас ад улады граху. “Смерці святкуем мы ўмярцвенне”  – спяваецца ў Пасхальным каноне, бо ў Хрысце смерць, як сказаў апостал Павел, страціла сваё джала і стала ўваходам у паўнату новага жыцця – жыцця, якое пераўзыходзіць усё. Па ўсім хрысціянскім свеце разносіцца лікаванне, усё запаўняе сабою пераможны велікодны гімн: «Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў»!

Хрыстос – «Першынец з памерлых» (1 Кал. 1:18). Усё жывое ў Ім захавалася, усё смяротнае – пераможана. Веруючы ў безумоўную перамогу Сына Чалавечага, нам больш не трэба баяцца смерці, нам падаравана жыццё, дадзена ўпэўненасць у канчатковай перамозе святла і праўды над цемраю і злом. Адсюль – святло і радасць нашай веры, адсюль – сусветная радасць Уваскрасення Хрыстовага, адсюль – святло, агні і радасць гэтай пасхальнай ночы.

Магчымасць далучыцца да сённяшняй урачыстасці з урачыстасцей і прыняць плады ўсяленскай адкупіцельнай ахвяры Спасіцеля для ўсіх адкрыта ў таінстве Хрышчэння. Ад нас саміх залежыць – прыняць або не прыняць спасенне, прапанаванае нам Хрыстом.

Перамога, дасягнутая шляхам насілля і няпраўды – непазбежна часовая. Без жыцця паводле запаведзяў Божых нельга дасягнуць шчасця і пабудаваць гарманічнае грамадства. Перамагчы зло ў сабе – вось галоўная мэта жыцця кожнага хрысціяніна.

Ад усяго сэрца віншую вас, дарагія айцы, браты і сёстры, са святам Светлага Хрыстовага Уваскрасення і звяртаю да ўсіх веруючых прывітанне, якое неаднаразова чулі з вуснаў свайго Бажэственнага Настаўніка святыя апосталы: «Радуйцеся! І зноў кажу вам – радуйцеся!». Смерць пераможана і жыццё святкуе перамогу. І хай скрыты адвеку Божыя таямніцы, але адна таямніца сёння нам адкрыта: дабро пераможа зло, бо Хрыстос уваскрэс!

Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі

Пасха Хрыстова, 2017

Скачать 1

Скачать 2

Похожие записи

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Return to Top ▲Return to Top ▲