Распачалася экспедыцыя «Дарога да святыняў»

У Свята-Духавым кафедральным саборы па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла распачалася экспедыцыя «Дарога да святыняў».

У Мінску стартавалі мерапрыемствы, звязаныя са святкаваннем Дня беларускага пісьменства, які краіна адзначыць у бліжэйшую нядзелю. Сёння ў Свята-Духавым кафедральным саборы сталіцы перад пачаткам экспедыцыі епіскапам Барысаўскім і Мар’інагорскім Веніямінам быў адслужаны малебен з закліканнем благаславення Божага на пачатак добрай справы. 24-е па ліку мерапрыемства даставіць Благадатны агонь 3 верасня ў старажытны Полацк – канчатковы пункт падарожжа і сёлетнюю сталіцу Дня беларускага пісьменства.

Удзельнікі Міжнароднай духоўна-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» адправяцца ў паломніцтва па гарадах і весях Беларусі. Праваслаўнае духавенства, пісьменнікі, музыканты, артысты і навукоўцы пераадолеюць шлях даўжынёй больш чым у тысячу кіламетраў.

Паруч са сталымі ўдзельнікамі экспедыцыі, якія ўжо не першы год падарожнічаюць па памятных мясцінах нашай Радзімы, з’яўляюцца і новыя, што ўпершыню далучыліся ды мерапрыемства.

У гэтым годзе сярод удзельнікаў экспедыцыі: навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Аляксандр Лапата-Загорскі, які з’яўляецца яе кіраўніком, журналіст, паэт, Зміцер Арцюх і скрыпачка, вакалістка, выпускніца Венскай кансерваторыі, стыпендыят фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, Юлія Лебядзенка.

Экспедыцыя, што нясе людзям Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга і асветніцкае слова, пройдзе па трох абласцях: Брэсцкай, Гродзенскай і Віцебскай і пяці епархіях — Мінскай (Мінск), Пінскай (Святое Поле), Гродзенскай (Радунь, Воранава), Лідскай (Астравец), Полацкай (Докшыцы, Бягомль, Ушачы, Полацк) і Віцебскай (Лепель). Яе ўдзельнікі наведаюць дзясяткі гарадоў і весак. Па традыцыі, галоўныя ўрачыстасці адбудуцца ў сталіцы Дня беларускага пісьменства. Найстаражытнейшы беларускі горад ужо меў падобны статус у 2003 годзе. 3 верасня ў Полацку ўдзельнікі пасадзяць новыя дрэвы ў Садзе малітвы, які быў закладзены яшчэ ў 2003 годзе. На шляху плануецца правесці сустрэчы з мясцовымі жыхарамі ў працоўных калектывах, бальніцах, дзіцячых дамах, школах, іншых сацыяльных установах, храмах і манастырах. Таксама запланавана асвячэнне помнікаў і месцаў воінскай славы.

Разам з удзельнікамі духоўна-асветніцкае шэсце пераадолеюць святыні, якія ўжо сталі сімваламі экспедыцыі: лампада з Благадатным агнём і цудатворная Загор’е-Сталавіцкая ікона Прасвятой Багародзіцы, якая была знойдзена ў 1983 годзе. Яна трапіла ў коўш экскаватара пры будаўніцтве дарогі. З 2000 года ікона штогод суправаджае «Дарогу да святыняў».

За ўсе 24 гады правядзення экспедыцыі ў ёй прыняло ўдзел каля 5 мільёнаў чалавек, закладзена 2500 Садоў малітвы, а лампада з Благадатным агнём наведала 602 праваслаўных храмы Беларусі – такая статыстыка была агучана ў эфіры тэлеканала Беларусь-1.

Pravminsk.by 

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Return to Top ▲Return to Top ▲