«Сваёй вуліцы я нізка пакланюся»

Свята “Сваёй вуліцы я нізка пакланюся”, якое адбылося 8 верасня ў вёсцы Грабёнка, сабрала разам землякоў, прадстаўнікоў розных пакаленняў, людзей працавітых, цікавых, прыгожых, натхнёных думкамі і справамі.

     Адкрыў свята настаяцель храма Архангела Міхаіла іерэй Генадзій Цімавец, які заўсёды жаданы госць на ўсіх мерапрыемствах у нашай вёсцы. Ён павіншаваў усіх са святам, пажадаў  моцнага здароўя, добрага настрою, аптымізму і міра.

“У кожнага чалавека ёсць малая радзіма, — сказаў свяшчэннік, — месца, дзе ён убачыў свет, правёў сваё дзяцінства. Ёсць зямля, якая яго ўскарміла, калодзеж, з якога няма вады смачней, сцежка, якую не забудзеш ніколі. Для вас – гэта ваша родная вёска Грабёнка і ваша вуліца Наберажная. Вуліца з добрымі традыцыямі, добрымі людзьмі. Вуліца, якая вырасла на некалі царкоўнай зямлі. Менавіта таму здаўна вуліца жыла адной сям’ёй, весела, дружна і мірна. Беражыце гэтае багацце на доўгія гады, перадавайце яго сваім нашчадкам”.

     Вядучыя Святлана Панцялеева і Наталля Бурдыка пачалі свята такімі вершамі:

Куды б мяне дарога не пазвала,

А да цябе вярнуся я здаля.

Ты любай сэрцу, дарагой мне стала,

Грабёнская цудоўная зямля!

Тут, дзе Гаць нясе воды спакойна,

Дзе глядзяцца вярбіны ў раку,

Ёсць прыгожая вуліца наша,

Лепш на свеце нідзе не знайду!

    

    Пра гісторыю вуліцы расказала былая настаўніца Марыя Іванаўна Копцюг.

З віншавальнымі словамі выступілі былая дырэктар школы Ганна Іванаўна Вішнеўская, былы урач бальніцы Марыя Сяргееўна Шаўчэнка.

На свята вуліцы сабраліся яе жыхары, каб успомніць мінулае, парадавацца поспехам адзін аднаго і яшчэ раз пераканацца ў тым, што няма ў свеце больш прыгожага кутка, чым той, дзе ім пашчасціла нарадзіцца і вырасці. Пра вуліцу свайго дзяцінства ўспаміналі  землякі, якія з’ехалі з вёскі, але за ўсё, што маюць сёння, удзячныя роднай зямлі і людзям, побач з якімі раслі.Запамінальным стала свята для шасці аднакласнікаў, якія скончылі школу 50 гадоў таму. На сустрэчы быў і далёкі госць з горада Чарнаморскае. Не хаваючы слёз, ён гаварыў, што дзе б ён не быў, ніколі не забывае пра сваю маленькую радзіму, сумуе па родных мясцінах.

Вядучыя гаварылі аб тым, што раней вуліца называлася Настаўніцкай, бо тут жыло і працавала ў мясцовай школе 13 настаўнікаў, настаўнікаў з вялікай літары. А на вуліцы было 13 дамоў, дзе жыло 93 чалавекі.

А яшчэ гаварылі аб тым, што мы па праву ганарымся Андрэем Барысевічам, унукам Аляксея Іванавіча Барысевіча, былога завуча мясцовай школы. Андрэй – пілот, які яшчэ з адным беларусам прымае ўдзел у першым беларускім кругасветным авіяпералёце. Пажадалі яму шчаслівага палёту.

Добры настрой на свяце дарылі выканаўцы песень Анатоль Кеда і Марыя Мельнік. У іх выкананні гучалі песні аб вёсцы, зямлі, бацьках, школе, каханні. Ліліся песні і ў выкананні людзей, якія некалі жылі на вуліцы. Гэтыя песні луналі па ўсёй акрузе, абвяшчаючы аб свяце, свяце роднай і мілай вёскі Грабёнка і вуліцы Наберажная.

Мерапрыемства атрымалася яркім і запамінальным.

 У прыўзнятым настроі разыходзіліся вяскоўцы, абмяркоўваючы запалыя ў душу моманты.

Прыхажанка храма, жыхарка вуліцы Наберажная Зінаіда Ясюк./ Червенское благочиние

Похожие записи


Return to Top ▲Return to Top ▲