“Ушанаваў Гасподзь беларускі край святымі, што добра дагадзілі Яму…”

“Ушанаваў Гасподзь беларускі край святымі, што добра дагадзілі Яму”, – гэтыя словы святочнага трапара сёння гучаць ва ўсіх праваслаўных храмах нашай роднай зямлі – сінявокай Беларусі. На працягу тысячагадовай гісторыі Праваслаўнай Царквы на нашых старажытных землях у розныя часы праславіліся сваім жыццём угоднікі Божыя, якія сталі дастойнымі ўдзельнікамі Яго нябеснай славы. Нам, сваім нашчадкам, яны пакінулі ў спадчыну неацэнны духоўны вопыт і ўзор высокага служэння. І ўзор гэты вельмі блізкі і даступны для нас, бо здзяйснялі сваё самаахвярнае служэнне Богу, а таксама таму, хто проста быў побач з імі, блізкія і дарагія нам людзі – нашы святыя продкі: “свяціцелі, мучанікі, прападобныя і праведныя”.

Сёння Беларуская Праваслаўная Царква адзначае памяць сваіх верных сыноў і дачок. Сапраўды вялікай міласцю Божай з’яўляецца для нашага народа праслаўленне святых, якія падвізаліся на служэнне Госпаду на нашых землях. Праз малітоўныя звароты да іх і просьбы аб заступніцтве народу адкрываецца шлях да пакаяння, збаўлення і жыцця вечнага. А ў гэтым веку надзвычай важна для нас усведамляць вялікую еднасць і цесную лучнасць усіх дзяцей Божых у лоне царкоўным.

Для кожнага з беларускіх святых усталяваны асобны дзень памяці, акрамя таго, у трэцюю Нядзелю пасля Пяцідзесятніцы адзначаецца святкаванне Сабора Беларускіх Святых, устаноўленае 3-га красавіка 1984 года па хадайніцтве мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта.

Сёння, 25 чэрвеня, упершыню ў Барысаўскай епархіі ў дзень памяці Сабора Беларускіх святых ў Богаяўленскім храме прыхода Святой Жываначальнай Тройцы была адслужана літургія на беларускай мове. У літургіі прынялі ўдзел: протадыякан Сергій Керко, кіраўнік моладзевага аддзела Барысаўскай епархіі і ўдзельнікі праваслаўнага моладзевага брацтва г. Барысава. Беларускамоўныя богаслужбовыя тэксты былі запазычаныя ў Свята-Петрапаўлаўскім саборы г. Мінска, дзе ўжо даўно існуе практыка правядзення службаў на беларускай мове.Пасля Літургіі ў вернікаў засталіся толькі добрыя ўражанні. Беларуская мова надала гэтаму Нядзельнаму дню асаблівую сімвалічнасць. І мы спадзяемся, што такая практыка службаў па-беларуску яшчэ паўторыцца ў нашым прыходзе. 

Усе святыя Беларускае зямлі, маліце Бога аб нас!

  

Евгения Тюхлова.


Return to Top ▲Return to Top ▲