Пасхальнае пасланне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным сынам і дочкам Рускай Праваслаўнай Царквы

«З’явілася благадаць Божая, спасіцельная для ўсіх людзей» (Ціт. 2, 11)

Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы, богалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!

У ноч, пранізаную Божым святлом, напоўненую вялікай урачыстасцю і духоўнай радасцю аб Уладару свету, Які перамог смерць, звяртаю да ўсіх вас старажытны вокліч, які непахісна сведчыць пра наша нязменнае спадзяванне:

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Спасцігнуць хаця б у малой ступені тое, што адбылося амаль дзве тысячы гадоў таму ў лоне светлазарнага гроба Гасподняга, жадалі многія пакаленні святых мужоў і жанчын. Яны імкнуліся зрабіць даступным для нас, наколькі гэта магчыма абмежаванаму чалавечаму розуму, веданне гэтай дзівоснай тайны, якая здзейснілася ў пахавальнай пячоры каля старых сцен Іерусаліма. Шукалі вобразы, якія б наблізілі нас да ўсведамлення сапраўды кардынальнай змены, здзейсненай Богам у тую ноч з усім сусветам.

Свяціцель Іаан Залатавуст так піша пра гэтую падзею: «Дзень Уваскрасення Госпада нашага Іісуса Хрыста — аснова свету, пачатак прымірэння, спыненне варожых дзеянняў, разбурэнне смерці, паражэнне дыявала» (Слова на Святую Пасху).

У святле сказанага асаблівым сэнсам напаўняюцца для нас словы першавярхоўнага Паўла, які параўноўвае паўстанне Спасіцеля з гробу з новым стварэннем свету і стварэннем новага чалавецтва. «Хто ў Хрысце, той — новае стварэнне; старое прайшло, цяпер настала ўсё новае» (2 Кар. 5, 17), — чытаем мы ў апостальскім пасланні да карынфян.

Уваскрасенне Госпада Іісуса — галоўны змест хрысціянскага паслання свету. Толькі дзякуючы Галгофскай ахвяры, непарыўна злучанай са слаўным Уваскрасеннем, набываюць сэнс і каштоўнасць усе чалавечыя імкненні, накіраваныя да Крыніцы ўсякага дабра. Ахвяра Хрыстова стала адказам на спробы пошуку Жывога Бога, якія рабіліся людзьмі розных культур і традыцый, бо, згодна са словам Свяшчэннага Пісання, у Госпада «няма прадузятасці, але ў кожным народзе той, хто баіцца Яго і жыве праведна, даспадобы Яму» (Дзеян. 10, 34-35), і Ён хоча, каб усе людзі спасліся і прыйшлі да спазнання ісціны (1 Цім. 2, 4). Гэтыя напружаныя намаганні ўвасаблялі ў сабе чаканні і надзеі мільярдаў людзей, якія ў розныя часы марна шукалі магчымасці пераадолець сваё гораснае становішча і здабыць сапраўднае жыццё: «каб жыццё мелі, і ўдосталь мелі» (Ін. 10, 10).

Адбылося прадвызначанае адвеку. З гэтага часу смерць не мае больш такой улады над чалавекам — і цяпер «як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць» (1 Кар. 15, 22). Таму Пасха і з’яўляецца найважнейшым хрысціянскім святам, што прыніжаны і знявечаны Іісус з Назарэта, асветлены Божаю славаю, «уваскрэс у трэці дзень, і праклаў для ўсякай плоці шлях да ўваскрасення з мёртвых, <…> каб быць Яму ва ўсім, сярод усіх першым» (анафара Літургіі Васілія Вялікага).

Сёння Хрыстос зноў кліча ўсіх нас на пір веры, пір Царства, заклікае спажыць плады Яго спасіцельнай ахвяры, напіцца вады, што цячэ ў жыццё вечнае (Ін. 4, 14). Аднак наша адзінства з Госпадам не можа абмяжоўвацца толькі ўдзелам у богаслужэнні ці асабістай малітоўнай руплівасцю. Яно павінна ў поўнай меры адлюстравацца на ўсіх баках нашага жыцця. Мы не можам бесклапотна святкаваць, ведаючы, што побач ёсць людзі, якія не здабылі радасці жыцця ў Богу, якія пакутуюць, смуткуюць, адзінокія, гаротныя ці змучаныя хваробамі. Нашым святым абавязкам з’яўляецца клопат пра тое, каб імя Хрыстова ўсхвалялася паўсюдна, каб людзі, бачачы добрыя справы, якія робяцца дзеля славы Божай, далучаліся да веры праваслаўнай, звярталі сэрцы свае да Айца, Які на нябёсах.

На жаль, злая чалавечая воля і дыявальская спакуса ўсё яшчэ дзейнічаюць у свеце. Але адчаю не павінна быць месца ў нашай душы, бо нягледзячы на ўсе беды, катаклізмы, канфлікты і супярэчнасці, мы ведаем, што Гасподзь перамог свет (Ін. 16, 33), узяў верх над грахом і смерцю. І таму мы маем магчымасць сведчыць словам і справай пра благадаць, якая перадаецца нам праз супольнасць са Спасіцелем, дзякуючы знаходжанню ў Яго Царкве. Будзем жа шчырымі ў выкананні евангельскіх запаведзяў, каб і бліжнія, і дальнія, беручы з нас прыклад, пажадалі далучыцца да трыумфу веры і багацця благадаці, што пасылаецца ад Бога ўсім верным дзецям Яго.

Яшчэ раз віншую ўсіх вас з найвялікшым святам Пасхі, святам Уваскрасення «Іісуса Хрыста, Які ёсць сведка верны, першынец з мёртвых і ўладар цароў зямных. Яму, Які ўзлюбіў нас і амыў нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёю, і зрабіў нас царамі і свяшчэннікамі Богу і Айцу Свайму, слава і ўлада на векі вякоў. Амінь.» (Адкр. 1, 5-6).

САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС ХРЫСТОС!

ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ Масква,

Пасха Хрыстова 2017 г.


Return to Top ▲Return to Top ▲