Тыдзень праваслаўнай кнігі

14 сакавіка адзначаецца Дзень праваслаўнай кнігі. І разам з ім “Тыдзень праваслаўнай кнігі” распачаўся ў Бярэзінскай царкоўнай акрузе.

У праграме мерапрыемстваў мяркуюцца сустрэчы вернікаў са школьнікамі, выступленні ў бібліятэках, правядзенне тэматычных выстаў, прысвечаных гісторыі царквы. Асаблівае месца займае сёлетняя юбілейная дата 1030-годдзя праваслаўя на Беларусі.

Пытанне актуальнасці праваслаўнай кнігі заўсёды было вострым. У век засілля так званага “лёгкага чытва” бібліятэка Нікольскага храма з’яўляецца выдатнай альтэрнатывай тым чытачам, якія шукаюць у кнігах большага, чым можа даць масавая літаратура.

Заведуе фондам ужо шмат гадоў Лідзія Адамовіч, адказная жанчына, якая знайшла сваё прызванне ў храме.

— У нашай царкоўнай бібліятэцы паўтары тысячы кніг, — гаворыць Лідзія Сцяпанаўна. – Чытачоў таксама нямала, зарэгістравана каля сотні фармуляраў.

Дарэчы, усе кнігі размеркаваны па тэмах: «Жития святых», «Священное Писание», «Для новоначальных», «Новые поступления литературы», «Сектоведение», «Душеполезное чтение». Арганізоўваюцца і спецыяльныя падборкі кшталту: «Грешна детоубийством», «Страничка трезвости».

Бібліятэка ўзнікла па ініцыятыве настаяцеля Нікольскага храма, протаіерэя Ільі. Спачатку кнігі прапанаваў уласна сам бацюшка, затым пачалі купляць на ахвяраванні вернікаў. Здараецца, што кнігі прыносяць у падарунак прыхаджане.

Стаць жа чытачом Нікольскага храма можа любы чалавек, незалежна ад веравызнання, нават з іншай канфесійнай прыналежнасцю. Дастаткова толькі прыйсці і запісацца ў царкоўную бібліятэку.

Ну, а сёння, 14 сакавіка, ва ўсёй краіне адзначаецца Дзень праваслаўнай кнігі.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Березинская панорама


Return to Top ▲Return to Top ▲