«Калi жыць з Богам, то страхi знiкаюць»

«Калi жыць з Богам, то страхi знiкаюць», — пераканана мацi шасцярых дзяцей, жонка настаяцеля прыхода храма свяцiцеля Мiкалая Цудатворца ў Лагойску Уладзiмiра Шэйдака, жанчына года—2024 у намiнацыi «Духоўнасць i культура» Iнга Шэйдак.


«Калi жыць з Богам, то страхi знiкаюць»

Самы галоўны праект

Мы сядзiм з матушкай Iнгай у вялiкай i ўтульнай кватэры, дзе адчуваецца дастатак i наладжаны побыт. Iконы нагадваюць, што я — у доме святара. Сёння тут жыве шасцёра чалавек. Бацька, мацi, трое дачок: Марыя, Аляксандра, Анастасiя i малодшы сын Мiкалай. Двое старэйшых — 31-гадовы Данiiл i 26-гадовы Сава — ужо вылецелi з бацькоўскага гнязда.

— Дружная сям’я — мой галоўны праект у жыццi, — прызнаецца Iнга Iванаўна. — Сама я — адзiная дачка. Бацькi былi ў разводзе, i мне гэта не падабалася. Заўсёды марыла выйсцi замуж раз i назаўсёды, мець як мiнiмум дваiх дзяцей.

З Уладзiмiрам Шэйдакам Iнга пазнаёмiлася ў сяброў. I паводле яе слоў, адразу адчула сябе з iм камфортна, спакойна, надзейна. Ужо праз чатыры месяцы малады чалавек зрабiў дзяўчыне прапанову, i неўзабаве Уладзiмiр i Iнга пажанiлiся. Праз год нарадзiўся першынец Данiiл.

— Пра наша жыццё можна сказаць так: мы рухалiся спачатку ў адным напрамку, а потым усё змянiлася, i пайшлi ў iншым, — распавядае матушка Iнга. — Муж працаваў начальнiкам транспартнага аддзела аднаго з камерцыйных банкаў, я — бухгалтарам, потым эканамiстам. Плюс у нас з’явiўся свой бiзнес. Усё складалася ўдала. Але ў Госпада ў адносiнах да нас была iншая задума.

Аб духоўных з’явах складана казаць свецкай мовай. Па факце «паварот» да новага жыцця здарыўся ў Лагойску, дзе маладая мацi праводзiла лета з маленькiм Данiiлам. Гуляючы з дзiцем, яна часта брала ваду са святой крынiцы, у вольны час заглядвала ў царкву свяцiцеля Мiкалая. У выхадныя да сям’i з Мiнску прыязджаў Уладзiмiр. Неяк настаяцель храма, таксама айцец Уладзiмiр, якi прыкмецiў маладую пару, запрасiў iх спяваць на клiрасе.

Не прайшло i года, як ён прадставiў Уладзiмiра Шэйдака мiтрапалiту Фiларэту, з якiм адбылася грунтоўная размова. Гэта было напярэдаднi Вялiкага посту, у Даравальную нядзелю. На другi дзень Вялiкадня Уладыка Фiларэт пасвяцiў айца Уладзiмiра ў дыяканы i неўзабаве — у святары.

А праз паўтара гады ў пары нарадзiўся доўгачаканы другi сын — Сава.

— У пачатку новага шляху ўсе цяжкасцi пераносiлiся лёгка, мы нiбы лёталi на крылах, — успамiнае матушка Iнга. — Але прайшлi i праз сваё «чысцiлiшча», калi многiя ад нас адвярнулiся, матэрыяльна даводзiлася няпроста. Гэта таксама было патрэбна. Мы праявiлi стойкасць i зацвердзiлiся ў сваёй веры.

— Каб падняць шасцярых дзяцей, патрэбны немалыя сродкi. Цi не было ў вас страхаў, цi справiцеся, цi па сiлах мужу ўтрымлiваць такую вялiкую сям’ю?

— Калi жыць з Богам, то страхi знiкаюць. Мы з мужам верылi: калi Гасподзь дае нам дзяцей, то дасць i на iх. З нараджэннем кожнага дзiцяцi наш дабрабыт паляпшаўся.

Фiнансавае забеспячэнне сям’i поўнасцю ўзяў на сябе айцец Уладзiмiр. Ён жа заўсёды ажыццяўляў сувязь сям’i з навакольным светам. А Iнга займалася дзецьмi, побытам.

— Я задаволена тым, што прысвяцiла сябе не прафесii, а выхаванню дзяцей, — дзелiцца Iнга Iванаўна. — Мы з мужам клапацiлiся аб тым, каб не толькi пракармiць i апрануць iх, але i даць добрую адукацыю, далучыць да заняткаў спортам, музыкай, прывiць тыя каштоўнасцi, якiя лiчылi вельмi важнымi. Гэта каласальная праца! Але яна таго варта — вынiк мяне цешыць.

Усе шасцёра дзяцей вучылiся ў гiмназii № 13 (Мiкалай яе сёлета заканчвае). Данiiл i Марыя — праграмiсты, Сава — урач-хiрург, Аляксандра — студэнтка БДМУ, а Анастасiя — мехмата БДУ. Усе шасцёра займалiся музыкай. Сава i Мiкалай — майстры спорту па аўтаспорце, Данiiл — кандыдат у майстры, Аляксандра — кандыдат у майстры спорту па сучасным пяцiбор’i.

— Мы з мужам не прытрымлiвалiся нейкiх сiстэм выхавання, на кожным этапе дзейнiчалi так, як лiчылi найлепшым для дзяцей, — прызнаецца матушка Iнга. — Заўсёды старалася дапамагаць сынам i дочкам у дасягненнi iх мэт. Мы давяралi дзецям, шмат што дазвалялi, але ў некаторых пытаннях нiколi не прагiналiся пад iх. Напрыклад, не дазвалялi начаваць па-за домам. Няпроста было прывучыць да дысцыплiны. Аднак праявiлi настойлiвасць, i ўсiм спатрэбiлася здольнасць рабiць часам тое, чаго не хочацца. 

Пакуль дзецi раслi, усе выхадныя, водпускi сям’я старалася праводзiць разам. Сёння iм складана часам сабрацца, але пры любой магчымасцi — на днi нараджэння, рэлiгiйныя i свецкiя святы, у якасцi ўдзельнiкаў i балельшчыкаў спартыўных спаборнiцтваў — яны iмкнуцца гэта рабiць. I вядома, у сям’i Шэйдакаў надзённае запатрабаванне для кожнага — наведваць па нядзелях храм, удзельнiчаць у дабрачыннасцi.

Сужэнскiя сустрэчы

Вось ужо 8 гадоў па благаславеннi мiтрапалiта Венiямiна айцец Уладзiмiр i матушка Iнга як валанцёры займаюцца дабрачынным праектам «Сужэнскiя сустрэчы». Мэта гэтага мiжнароднага мiжцаркоўнага руху з больш чым 70-гадовай гiсторыяй — запрасiць да размовы пары, якiя хочуць палепшыць, гарманiзаваць, абнавiць адносiны.

Гэта своеасаблiвая школа асваення навыкаў дыялога, дзе вучацца абмяркоўваць i вырашаць праблемы, якiя узнiкаюць у шлюбе, пераадольваць канфлiкты i крызiсы, ставiць мэты i вызначаць шляхi iх дасягнення. Рэгулярныя штомесячныя сустрэчы, па словах маёй суразмоўнiцы, «разаграваюць» у партнёрах жаданне ўдасканальваць адносiны.

— Канфлiкты ў сям’i — гэта нармальна, — лiчыць матушка Iнга. — У нас з Уладзiмiрам яны таксама ёсць, але мы навучылiся iх правiльна ацэньваць, абмяркоўваць, выходзiць з iх i пакiдаць у мiнулым. Iх пераадоленне — гэта натуральны рост кахання. Так мы пачынаем прымаць блiзкага чалавека з яго недахопамi, памылкамi, шанаваць ужо за тое, што ён ёсць.

Для Уладзiмiра i Iнгi Шэйдакаў эфект «Сужэнскiх сустрэч» вiдавочны. Пары з невялiкiм стажам сумеснага жыцця «купiруюць» нейкiя непаразуменнi на старце. Муж i жонка, якiя думалi развесцiся, часта адмаўляюцца ад гэтага кроку. Часам на гэтых сустрэчах мужчыны i жанчыны ўпершыню адчуваюць смак духоўнага жыцця.

— Каханне — гэта выбар, рашэнне, пазiцыя, — пераканана матушка Iнга. — Мы робiм выбар, прымаем рашэнне i займаем пазiцыю. Сям’я, дзецi — дар Божы, скарб, дзеля захавання якога варта працаваць над адносiнамi i над самiм сабой, шукаць выйсце з праблемных сiтуацый, вучыцца ставiць высокiя мэты i верыць: усё магчыма.

— Як адзначаеце Вялiкдзень?

— У нашай сям’i асаблiвае значэнне надаюць перадвелiкоднаму тыдню, апошняму тыдню посту, якi ў грэчаскай традыцыi называецца Стаўрас (Крыжовы) Вялiкдзень, унутранай, духоўнай падрыхтоўцы да свята Светлага Хрыстовага Уваскрэсення. Набажэнствы на працягу ўсяго тыдня вельмi своеасаблiвыя (служацца толькi раз на год), напоўнены выключнай глыбiнёй i сэнсамi. Таму кожны з сямi дзён называецца Вялiкiм — па велiчынi i значнасцi перажываных Царквой на працягу тыдня падзей. Як i ўсе, пячэм кулiчы, фарбуем яйкi, рыхтуем тварожную пасху. Увечары ў суботу разам iдзем на Усяночнае дбанне з хросным ходам вакол храма, Лiтургiяй i прычасцем. У Велiкодны дзень наведваем канцэрт Нядзельнай школы, якi па традыцыi праходзiць у Лагойскiм старажытным парку Тышкевiчаў.

Фота Лізаветы ГОЛАД і прадастаўлена суразмоўнiцай

Рэдакцыйна-выдавецкая установа «Выдавецкі дом «Звязда»


Return to Top ▲Return to Top ▲