Прыход храма ў гонар святога Архангела Міхаіла ў Жодзіна
Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
Лёс жодзінскага храма ў гонар святога Архангела Міхаіла няпросты. У гады савецкай улады храм неаднаразова зазнаваў ганенні і канчаткова быў закрыты ў 1960 годзе.
У 2026 годзе споўніцца 30 гадоў з дня адраджэння Свята-Міхайлаўскага храма. Амаль столькі ж гадоў у Жодзіна не было ніводнай дзеючай царквы. І толькі ў 1989 годзе прыход быў адноўлены.
…Гісторыя храма бярэ пачатак яшчэ ў ХІХ стагоддзі, калі ў 1863 годзе была пабудавана прыходская царква ў імя святога Архангела Міхаіла за 4000 выдаткаваных дзяржавай рублёў.
Размяшчалася царква каля Кацярынінскага тракта. Месца даволі ажыўленае, насупраць карчмы. Пабудавалі яе на месцы разбуранай уніяцкай Петрапаўлаўскай царквы.
Узведзены на мураваным падмурку драўляны будынак меў выгляд прадаўгаватага крыжа. Такая форма ўзнікла дзякуючы сакрысціям – прыбудаваным па баках да малітоўнай залы невялікім выступам.
Складалася царква з чатырох частак апсід: прытвора са званіцай, трапезнай, малітоўнай залы і алтарнай часткі. Меў будынак адзін купал пасярэдзіне, адны дзверы і вокны ў адзін рад. На званіцы – чатыры званы.
У малітоўнай зале ў разным іканастасе было восем ікон і прыкладна шэсць абразоў у Царскіх Варотах.
Царкоўны штат складаўся з двух чалавек – настаяцеля і псаломшчыка. Першым настаяцелем Свята-Міхайлаўскага храма быў выпускнік семінарыі Антоній Багданоўскі, які служыў у храме да 1 верасня 1897 года.
Царква мела ва ўласнасці 35 дзесяцін зямлі і 30 дзесяцін лесу. У хуткім часе яна стала цэнтрам духоўнага жыцця вернікаў і Жодзінскага прыхода, у які ўваходзілі вёскі Жодзін, Востраў, Судабоўка, Перасады, Ельніца, Струпень, Расошнае, Забродзенне, Паддуб’е, Трубянок і Дымаўка. Прыход быў даволі людны: 945 чалавек мужчынскага полу і 921 жаночага.
У 1864 годзе пры царкве адкрылася народнае вучылішча. Свецкі настаўнік навучаў дзяцей чытанню, пісьму і матэматыцы, а святар выкладаў Закон Божы.
У 1901 годзе Жодзінскі прыход налічваў ужо 12 вёсак, 4 пасёлкі і больш за 3 тысячы чалавек. Да Міхайлаўскай царквы былі прыпісаны яшчэ 3 царквы.
Настаяцелем жодзінскага Міхайлаўскага храма ў той час служыў Феафіл Трыдзенскі, адукаваны, інтэлігентны, у працы – актыўны, настойлівы і адказны святар, які ўзначальваў прыход з 1 верасня 1897 года да лютага 1931-га.
У 1906 годзе айца Феафіла прызначылі Благачынным 1-й акругі Барысаўскага павета. Людзі верылі мудраму і добраму святару. Часта раіліся з ім і заўсёды знаходзілі падтрымку і суцяшэнне.
За вялікі ўклад у развіццё народнай адукацыі ў сваім прыходзе ў 1909 годзе святара ўзнагародзілі медалём “В память 25-летия церковно-приходских школ”.
Час ішоў. За 38 гадоў будынак Міхайлаўскай царквы патрабаваў значнага рамонту. У дзяржаўнай казне грошай на гэту справу не знайшлося. Па просьбе айца Феафіла дапамаглі вернікі. З кліравай ведамасці за 1908 год вынікае, што царква адрамантавана на сродкі прыхаджан, якія некалькі гадоў збіралі грошы па 15 капеек з дзесяціны зямлі.
Святар Феафіл заўсёды клапаціўся пра сваю паству.
У 1914 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, калі ў цэрквах і школах пачаўся збор сродкаў на патрэбы таварыства Чырвонага Крыжа, айцец Феафіл таксама арганізаваў дапамогу сем’ям вучняў, якія засталіся без кармільца.
Пасля рэвалюцыі 1917 года царкву аддзялілі ад дзяржавы. Храмы закрывалі, святарам не дазвалялі здзяйсняць трэбы. Айцу Феафілу забаранілі займацца выкладчыцкай дзейнасцю. Многіх святароў высылалі з Беларусі, адпраўлялі ў канцлагеры, расстрэльвалі.
У 1922 годзе па краіне пракацілася хваля канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей. У маі таго ж года камісія Смалявіцкага валаснога выканкама саставіла вопіс маёмасці жодзінскай Міхайлаўскай царквы і, склаўшы акт, адабрала ў храма найбольш каштоўныя рэчы.
Айцец Феафіл не мог трываць такога беззаконня, але заклікаў сваю паству спадзявацца на лепшае. Аднак рэпрэсіі не абмінулі і яго.
28 лютага 1931 года айца Феафіла арыштавалі. Яму прад’явілі абвінавачанне ў злоснай антысавецкай агітацыі, у распаўсюджванні чутак пра хуткую гібель улады і прыход палякаў. 17 мая таго ж года “тройкай” АДПУ Феафіл Трыдзенскі асуджаны на тры гады лагераў з высылкай у Сібір. Далейшы лёс святара невядомы.
Пасля арышту настаяцеля Міхайлаўскі храм закрылі. Некаторы час будынак пуставаў, пасля з яго скінулі купалы і аддалі былы храм калгасу “Чырвонае Жодзіна” пад зернесховішча.
20 ліпеня 1989 года заключэннем пракуратуры БССР Феафіл Антонавіч Трыдзенскі рэабілітаваны. Добрае імя святару вернута праз доўгія гады, а што датычыць жодзінцаў, то ў іх памяці айцец Феафіл назаўсёды застаўся ўзорам дабрыні, чыстых думак і дзеянняў.
Міхайлаўскі храм стаяў закрыты з 1931-га па 1942 год.
У час Вялікай Айчыннай вайны, зімой 1942-га, акупацыйныя ўлады па просьбе вернікаў дазволілі крыху падрамантаваць царкву, прыбраць там і здзяйсняць богаслужэнні, першае з якіх адбылося ў той жа год на Вялікдзень.
У чэрвені 1945 года па патрабаванні прыхаджан аднапавярховы драўляны будынак Міхайлаўскага храма (без купалаў і агароджы) перададзены вернікам у бестэрміновае бясплатнае карыстанне. Так пасля вайны Міхайлаўскі храм аднавіў сваю працу.
У першыя пасляваенныя гады настаяцелем прыхода быў святар Міхаіл Пігулеўскі, які ў 1948 годзе падаў прашэнне аб звальненні па старасці і хваробе. Просьбу айца Міхаіла задаволілі, а ў Жодзіна перавялі настаяцеля Малевіцкай царквы Нясвіжскага благачыння святара Яўгена Зубовіча, які служыў у Свята-Міхайлаўскім храме са снежня 1949-га да 8 кастрычніка 1957 года.
Свята-Міхайлаўскі храм з часам усё больш змяняўся. Тут пастаянна праводзіліся службы і малебны. На ахвяраванні вернікаў набывалася царкоўнае начынне, мэбля, кнігі, посуд, абразы. На горнім месцы ў храме размяшчалася ікона Святой Тройцы, на клірасе – абраз святога Архістраціга Міхаіла, абаронца і заступніка храма; над уваходам у царкву – ікона Божай Маці.
У дагледжаным утульным царкоўным дворыку раслі ліпы, зелянелі бярозы. Але ў хуткім часе для Свята-Міхайлаўскага храма зноў надышлі складаныя часы.
У 1952 годзе ўладамі было прынята рашэнне аб канфіскацыі будынка храма ў праваслаўнай грамады і перадачы яго Жодзінскаму сельскаму савету пад новы клуб (стары размяшчаўся з сельсаветам пад адным дахам). Моладзі патрэбна было месца для культурнага адпачынку.
Айцец Яўген пісаў лісты ва ўсе інстанцыі, і на той раз царкву ўдалося адстаяць. Нават у 1953 годзе капітальна адрамантавалі будынак: падвялі электрычнасць, перарабілі купал і званіцу, драўляныя крыжы замянілі на металічныя…
У кастрычніку 1957 года настаяцель Свята-Міхайлаўскага храма ў Жодзіна айцец Яўген Зубовіч быў звольнены ў сувязі з пераходам на службу ў Куйбышаўскую епархію.
Апошнія тры гады да канчатковага закрыцця Свята-Міхайлаўскага храма настаяцелем у ім служыў протаіерэй Павел Кірык, былы настаяцель Свята-Благавешчанскага храма мястэчка Ляды Мінскага благачыння.
Насельніцтва ў Жодзіна, які з 21 студзеня 1958 года ўжо стаў перспектыўным гарадскім пасёлкам за кошт аб’яднання пасёлкаў энергетыкаў і аўтамабілебудаўнікоў, прыбаўлялася. Генеральны план забудовы гарпасёлка прадугледжваў у раёне размяшчэння Свята-Міхайлаўскага храма пабудовы адміністратыўных, культурна-асветніцкіх і жыллёвых будынкаў. Так у чарговы раз узнікла пытанне пра знос Міхайлаўскага храма.
Айцец Павел Кірык заклікаў вернікаў стаць на абарону храма, ды і самі прыхаджане не мірыліся з такім становішчам. Пісалі калектыўныя заявы, збіралі подпісы. Аднак на гэты раз лёс храма быў вырашаны канчаткова.
8 красавіка 1960 года выканкам Смалявіцкага раённага савета дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне аб закрыцці і зносе Жодзінскай праваслаўнай царквы. У канцы снежня будынак Міхайлаўскай царквы разабралі. Бярвенне і дошкі перавезлі ў вёску Пліса, дзе іх выкарысталі для будаўніцтва вясковага клуба, што праз некаторы час згарэў. На падмурку разбуранага храма пабудавалі павільён “Піва-воды”, пасля там размясціўся магазін.
У доме святара ўладкавалі дзіцячую бібліятэку, дзе яна знаходзілася да 1980-х гадоў.
Непадалёк ад месца страчанага храма можна і цяпер убачыць рэшткі падмурка. Побач у памяць пра Міхайлаўскі храм уладкаваны Паклонны Крыж. А яшчэ дзякуючы фундатару Аляксандру Рыжову ў 2018 годзе пабудавана мемарыяльная капліца.
Прыход храма ў гонар святога Архангела Міхаіла ў Жодзіна адроджаны ў 1989 годзе. У 1990 – 1991 гадах намаганнямі айца Алексія (Шынкевіча), на новым месцы пабудавана новая драўляная царква. Архімандрыт Алексій (Аляксей Рыгоравіч Шынкевіч), лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” (2005 г.), стаў першым настаяцелем новага Свята-Міхайлаўскага храма.
А праз некалькі дзесяцігоддзяў побач з Міхайлаўскім храмам пабудаваны праваслаўны храм святых Пятра і Паўла. Так на стыку жодзінскіх вуліц Маскоўскай і Брэсцкай быў створаны новы культурны, духоўны і рэлігійны цэнтр горада.
Пабудаваная царква ў імя святога Архангела Міхаіла асвечана мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі 27 кастрычніка 1991 года.
Адроджаны Міхайлаўскі храм мае адметную архітэктуру ў традыцыях царкоўнага дойлідства Рускай Поўначы. Дасягаецца гэта аб’ёмна-кампазіцыйнымі сродкамі – дынамічным нарастаннем прамавугольных зрубаў увахода, прытвора, малітоўнай залы, апсіды. Адзін з двухгранных шчытоў двух схільных дахаў, цэнтральны, пасярэдзіне завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Тры ўваходныя парогі пад двухсхільнымі навісямі на розных стойках і з балюстраднымі агароджамі выразна дэкарыраваны.
У верасні 2016 года жодзінскі храм у гонар святога Архангела Міхаіла адзначыў свой 25-гадовы юбілей архіерэйскім набажэнствам. Пасля быў здзейснены традыцыйны хрэсны ход.
Пасля завяршэння богаслужэння ў гонар юбілею храма яго настаяцелю, протаіерэю Андрэю Еўдакімаву, уручаны абраз свяшчэннапакутніка Веніяміна Петраградскага.
Сярод святынь, што знаходзяцца ў храме, – іконы з часцінкамі святых мошчаў св. прападобнага Іаана Кармянскага, св. Ціхана, св. Іаана Шанхайскага, св. прападобнай Еўфрасінні Полацкай, св. велікапакутніка лекара Панцеляймона.
Жодзінскі храм у гонар святога Архангела Міхаіла штодзённа адкрыты для вернікаў, якія могуць сюды прыйсці, памаліцца з верай у сілу Божую, прылажыцца да абразоў і папрасіць дапамогі для сябе і сваіх блізкіх.
Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Крыніцы:
- Анискевич, Г.И. Феофил Триденский – подвижник веры и просвещения [Электронный ресурс] / Г. Анискевич. – 2012. – Режим доступа: https://govorim.cc/minskaya-oblast/zhodino/novosti-zhodino/67129-feofil-tridenskiy-podvizhnik-very-i-prosvescheniya.html. — Дата доступа: 22.04.2025.
- Анискевич, Г.И. Улицы нашего города: Московская [Электронный ресурс] / Г. Анискевич. – 2021. – Режим доступа: https://zhkm.by/news/2021/2021_08_26_rubrika_ulitsy_goroda_moskovskaya.html. – Дата доступа: 24.04.2025.
- https://arhistratig.by
- http://church.by
- https://borisoveparhia.by
- https://drevo-info.ru
- http://sobory.ru