У Мінску адбыўся Першы міжнародны кангрэс “Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы”
31 кастрычніка 2019 года пачаў працу Першы міжнародны кангрэс “Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы”, прысвечаны 90-годдзю заснавання аднаго са старэйшых інстытутаў у сістэме Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.
Ва ўрачыстым адкрыцці навуковага форуму прынялі ўдзел старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы Праасвяшчэнны Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі; намеснік старшыні Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па сувязях Царквы і грамадства пратаіерэй Аляксандр Шымбалёў; намеснік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы іерэй Дзімітрый Ворса; дырэктар Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры Беларускай Праваслаўнай Царквы Зоя Падліпская.
Удзельнікаў Кангрэса віталі Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў; дырэктар дзяржаўнай навуковай установы “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Лакотка; дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Капылоў; акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Каваленя; галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў высокага сходу звярнуліся прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў краіны, вышэйшых навучальных устаноў, кіраўнікі інстытутаў Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Рымска-каталіцкага Касцёла ў Беларусі, замежныя госці.
Уладыка Веніямін перадаў удзельнікам Кангрэса віншавальнае вітанне ад мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і ўручыў падзякі супрацоўнікам Інстытута “за руплівую працу на славу Беларускай Праваслаўнай Царквы”.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў навуковага форуму, епіскап Веніямін адзначыў, што шлях, пройдзены Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа з моманту яго заснавання, быў няпросты, але надзвычай плённы.
Сёння Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – вядучая навуковая ўстанова па вывучэнні самых розных праблем беларускай лінгвістыкі. Супрацоўнікі Інстытута заўсёды былі і застаюцца аўтарытэтнымі прадаўжальнікамі слаўнай айчыннай філалагічнай школы, вядомай ва ўсім свеце.
У гасцінных сценах Інстытута праходзяць сустрэчы багасловаў і свецкіх мовазнаўцаў, якія належаць да розных школ і пакаленняў. Беларуская Праваслаўная Царква актыўна ўзаемадзейнічае з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў агульным дыялогу з грамадствам.
Уладыка Веніямін пажадаў супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства і айчыннай Акадэміі навук Божай дапамогі ў рэалізацыі пастаўленых мэтаў, поспехаў у спасціжэнні Ісціны ў навуковай і асветніцкай дзейнасці і перадаў у дар кнігу “Новы Запавет”, выдадзеную на беларускай мове.
Вітаючы ўдзельнікаў Кангрэса, дырэктар Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры Зоя Падліпская падзякавала вучоным НАН Беларусі за шматгадовае плённае супрацоўніцтва і выказала надзею, што яно будзе доўжыцца на карысць айчыннай навукі і беларускага краю.
На спецыяльнай выставе, прысвечанай гісторыі беларускага мовазнаўства, удзельнікі форуму пазнаёміліся з унікальнымі і рарытэтнымі выданнямі, створанымі вучонымі Інстытута за 90 гадоў – “Граматыка беларускай мовы” ў 2 тамах, “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” ў 37 выпусках, “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” ў 6 тамах, “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” і інш.
Пры ўдзеле супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа падрыхтаваны помнікі старажытнага пісьменства.
Полацкае Евангелле – першы тэкст поўнага апракаса (уключае ўсе евангельскія чытанні богаслужбовага гадавога цыкла), перапісаны на беларускіх землях (XII ст.). У дадзеным выданні прадстаўлены ўзноўлены тэкст рукапісу (у тым ліку ўпершыню расчытаны запісы на палях) i вынікі яго навуковага даследавання.
Жыціе Еўфрасінні Полацкай – адзін з найбольш ранніх помнікаў усходнеславянскай агіяграфіі, створаны ў канцы XII ст. Выданне складаецца з дзвюх кніг: першая кніга – факсіміле Пагодзінскага спіса; другая кніга – узноўлены царкоўнаславянскі тэкст “Жыція Еўфрасінні Полацкай” i яго пераклады на рускую, беларускую i англійскую мовы.
1 лістапада 2019 года работа Кангрэса працягвалася на 12 секцыйных пасяджэннях, дзе разглядаліся пытанні сучаснай беларускай мовы ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя, міжславянскіх моўных і культурных кантактаў; роля IT у правядзенні лінгвістычных даследаванняў; праблемы перакладу, роля мовазнаўства ў сучаснай гуманітарыстыцы і інш.
Падчас правядзення круглага стала, прымеркаванага да 100-годдзя з дня нараджэння славутага вучонага прафесара М.Г. Булахава, разглядаліся пытанні акадэмічнага мовазнаўства і лінгвістычнага забеспячэння сферы моўнага жыцця Рэспублікі Беларусь.
У міжнародным кангрэсе бралі ўдзел больш за 130 вучоных-беларусазнаўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Літвы.
Синодальный отдел религиозного образования и катехизации