У Iванаве прайшоў Дзень беларускага пiсьменства
Старажытнае Iванава не проста папрыгажэла, прыбралася да святкаванняў, — яно памаладзела. Як сказала маладая гараджанка Аксана Клiмовiч: «Аднойчы я нiбы прачнулася ў iншым горадзе». Цэнтральная частка былога Янова, яго парк, вулiцы набылi сучасную стылёвасць, нейкi асаблiвы глянец, якi яднае палескi гарадок з невялiкiмi ўтульнымi еўрапейскiмi гарадамi.
Усё, што зроблена апошнiм часам, застанецца iванаўцам, будзе iх радаваць i надалей. А ўсiм, хто прыехаў сюды першага i другога верасня, было прыемна адзначаць ХХV Дзень пiсьменства. I вiдаць, самай знакавай падзеяй стала адкрыццё кнiжнай крамы пад назвай «Верасень» у будынку ўнiвермага. Раней у райцэнтры зусiм не было кнiгарнi, а «Верасень» цяпер будзе нагадваць гараджанам пра святкаванне. Шмат кнiг прысвечаны гiсторыi i сучаснасцi роднага краю. А генеральны дырэктар ААТ «Белкнiга» Аляксандр Вашкевiч падкрэслiў на цырымонii адкрыцця, што ў новай краме ўсю неабходную лiтаратуру i канцылярскiя тавары могуць набываць i школьнiкi.
Дзецям наогул было прысвечана шмат самых розных мерапрыемстваў на святкаваннi. Яно i зразумела: звышзадача грамадства сёння — прыцягнуць маладое пакаленне да кнiгi, абудзiць яго iнтарэс да лiтаратурных герояў. На гэта быў накiраваны i конкурс юных чытальнiкаў, i шматлiкiя акцыi Фестывалю кнiгi i прэсы. Сiмвалiчна, што праграма мерапрыемстваў пачалася з урачыстай лiнейкi ў беларускамоўнай сярэдняй школе № 4 «Пiсьменства Беларусi — крынiца культуры i духоўнасцi народа».
З Днём ведаў вучняў павiншаваў мiнiстр iнфармацыi краiны Аляксандр КАРЛЮКЕВIЧ. Ён пажадаў юнаму пакаленню iсцi ў вялiкi свет з павагай да бацькоўскага дома, да таго месца, дзе нарадзiлiся, пры гэтым застаючыся ўважлiвымi да роднага слова, да нацыянальнай лiтаратуры.
Адметнай падзеяй суботы стала таксама правядзенне мiжнароднага круглага стала з удзелам беларускiх i замежных пiсьменнiкаў «Мастацкая лiтаратура як шлях адзiн да аднаго», якi прайшоў у Варанцэвiчах, у раённым музейным комплексе iмя Напалеона Орды.
А ў дзень асноўнага святкавання многiя павiльёны плошчы, дзе праходзiў Фестываль кнiгi i прэсы, сабралi на сваiх iмпрэзах дзясяткi дзяцей. Тут жа чыталiся апавяданнi i казкi, праходзiлi конкурсы. У павiльён Выдавецкага дома «Звязда» таксама зазiралi малыя наведвальнiкi. А многiя юныя гледачы, што прыйшлi з бацькамi ў глядзельную залу пад адкрытым небам асноўнага мерапрыемства свята, трымалi сцяжкi i iншыя падарункi ад «Звязды».
Дзень пiсьменства 2 верасня пачаўся з адкрыцця памятнага знака «Янава слова». Па традыцыi першым гасцей прывiтаў гаспадар — старшыня Iванаўскага райвыканкама Юрый БIСУН. Кiраўнiк раёна выказаў вялiкую падзяку тым, хто рыхтаваў горад да гэтай падзеi, хто плённа папрацаваў, i тым, хто прыехаў на святкаванне. Мiнiстр інфармацыi Аляксандр Карлюкевiч пажадаў удзельнiкам свята высокай павагi да слова, да беларускай культуры, асветнiцтва, падкрэслiўшы: «Мы заўсёды жылi ў мiралюбстве, у згодзе з самымi рознымi народамi. Хацелася б, каб слова спрыяла гэтым памкненням». Сведчаннем таму, свайго роду iлюстрацыяй да сказанага можа служыць круглы стол беларускiх i замежных пiсьменнiкаў, якi прайшоў у Варацэвiчах, на малой радзiме знакамiтага мастака, кампазiтара, лiтаратара Напалеона Орды, якога не раз згадвалi падчас святкавання.
Афiцыйная цырымонiя адкрыцця ХХV Дня пiсьменства адбылася на галоўнай сцэне ў гарадскiм парку. Вiншаванне Прэзiдэнта краiны гасцям i ўдзельнiкам свята зачытаў намеснiк прэм’ер-мiнiстра Iгар ПЕТРЫШЭНКА.
«Гэтае свята — знакавая падзея ў культурным жыццi краiны, сведчанне красы i сiлы беларускай мовы, духоўных традыцый нашага народа, — гаворыцца ў вiншаваннi. — Многiя стагоддзi пiсьмовае слова перадае з пакалення ў пакаленне вечныя iдэалы прыгажосцi, дабра i справядлiвасцi, з’яўляецца жыватворнай крынiцай мудрасцi i ведаў, надзейным спадарожнiкам кожнага чалавека на яго жыццёвым шляху.
Продкi пакiнулi нам неацэнны скарб — родную мову, выдатнымi ўзорамi якой з’яўляюцца творы Францiшка Багушэвiча i Максiма Багдановiча, Янкi Купалы i Якуба Коласа, Уладзiмiра Караткевiча i Iвана Мележа».
Кiраўнiк краiны выказаў упэўненасць, што, зберагаючы спадчыну, сённяшняе пакаленне беларусаў сваёй плённай стваральнай працай будзе ўмацоўваць суверэнiтэт i незалежнасць Радзiмы.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛIС у вiтальным слове падкрэслiў, што на гэтай зямлi нарадзiлiся i тварылi многiя вядомыя дзеячы культуры i мастацтва. Ды i наогул на Палессi жывуць працавiтыя i таленавiтыя людзi. Таму адрас сённяшняга свята выбраны правiльна.
Нязменнай часткай Дня беларускага пiсьменства з’яўляецца рэспублiканская навукова-асветнiцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». Яе ўдзельнiкi прыбылi ў Iванава 1 верасня, а каля школы № 4 яны высадзiлi Сад Малiтвы. Прывiтальны адрас ад Мiтрапалiта Мiнскага i Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi зачытаў епiскап Барысаўскi i Мар’iнагорскi Венiямiн. Тэатралiзаванае дзейства, якое прадоўжыла афiцыйнае адкрыццё, называлася «Малой радзiме пакланюся» — сюды ўдала былi ўплецены песнi i танцы беларускiх артыстаў. Купалаўцы, напрыклад, паказалi фрагмент з «Пiнскай шляхты», якi надзвычай лаканiчна ўпiсаўся ў мясцовую тэматыку.
Тут жа, на галоўнай сцэне свята, адбылося ўшанаванне пераможцаў рэспублiканскага конкурсу «Нацыянальная лiтаратурная прэмiя» — за творы, напiсаныя ў 2017 годзе. У лiку пераможцаў названы Казiмiр Камейша за зборнiк вершаў «Высокi бераг» i Васiль Шырко за кнiгу прозы «Я нязваны госць». За найлепшую кнiгу публiцыстыкi прэмiю атрымала Зiнаiда Дудзюк — твор называецца «Пара высокага сонца». На разгляд экспертнай камiсii ў гэтым годзе было прынята 59 кнiг. Журы выбiрала найлепшы з 51 твора.
Шмат iншых добрых i цiкавых кнiг сустрэлiся са сваiмі чытачамі падчас святкаванняў. Напрыклад, на прэзентацыю кнiгi «Драўляныя сакральныя помнiкi Берасцейшчыны» Валерыя Мароза сабралiся не толькi тыя, хто асабiста ведае аўтара. Фалiянт, якi выйшаў у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi», несумненна, узнiмае пласт гiсторыi рэгiёна, раней не даследаваны альбо даследаваны мала. А прэзентацыя атрымалася кранальна-мiлай найперш таму, што аўтар запрасiў на яе жанчын, якiя натхнялi яго на работу, — маму i жонку. Больш таго, Валерый расказаў, як яго бабуля Вольга Iванаўна ў далёкiм 1964 годзе напiсала лiст у Вярхоўны Савет з просьбай не закрываць царкву, бо гэта будзе парушэннем правоў вернiкаў. I вясковую настаўнiцу паслухалi — не закрылi. У гэтай сiтуацыi ўнуку проста наканавана было вывучаць помнiкi культавай архiтэктуры роднага краю. Высока ацанiў нарысы па гiсторыi, археалогii i культуры Валерыя Мароза дырэктар выдавецтва Уладзiмiр АНДРЫЕВIЧ. А таксама прэзентаваў прысутным яшчэ адзiн цiкавы праект — «Янка Купала на мовах свету».
Нашага песняра-класiка згадвалi на Днi пiсьменства не раз. Грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам» прайшла на плошчы Кастрычнiка. Аўтар гэтых радкоў пазнаёмiлася з самымi актыўнымi яе ўдзельнiкамi. Настаўнiца беларускай i англiйскай моў з Iвацэвiчаў Вольга Кузьмiна ўпэўнена, што Купалу проста нельга не любiць.
— Гэтая любоў у мяне ад мамы, а таксама ад выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, — сказала яна.
А яе цёзка па прозвiшчы Людмiла Кузьмiна зараз наогул жыве ў Аўстралii. Але там, у далёкiх краях, асаблiва праяўляецца сум па родным слове. Гэтым разам яна прывезла нашаму музею Касцюшкi ў Мерачоўшчыне «прывiтанне» ў выглядзе сувенiраў ад нацыянальнага парку
iмя Касцюшкi ў Аўстралii.
— Родную мову асаблiва палюбiла, калi пашчасцiла пазнаёмiцца з нястомным краязнаўцам, збiральнiкам народных скарбаў Алесем Фамiчом Зайкам з Iвацэвiцкага раёна. А цяпер, калi прыехала дадому на некалькi месяцаў, вядома, паспяшалася на Дзень пiсьменства.
I Купалавы вершы прачытала ў памяць пра самародка, вясковага iнтэлiгента Алеся Зайку.
Увечары эстафету святкавання Iванава перадало Слонiму. Да сустрэчы на ХХVI Днi беларускага пiсьменства!
Святлана ЯСКЕВIЧ
г. Iванава.
Фота БелТА, Яўгена Пясецкага, Яніны Гарадзецкай