У дарогу адправілася чарговая экспедыцыя «Дарога да святыняў»
Часам задумваешся, якую матывацыю знаходзяць людзі, гатовыя дваццаць шосты раз ехаць у Міжнародную навукова-асветніцкую экспедыцыю «Дарога да Святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподня? Здавалася б: столькі пройдзена, так многа пабачана, тут чакаць нейкай навізны эмоцый і адчуванняў як быццам ужо i наіўна.
Сапраўды, за 25 год удзельнікі Экспедыцыі праехалі 32 150 км, прайшлі пешым Хрэсным Ходам 637 кіламетраў, выступілі ў 2645 аўдыторыях, наведалі сотні населеных пунктаў – што ў падобнай арыфметыцы памяняюць новыя пара дзясяткаў сустрэч ці новая тысяча вёрст?
Падманлівае ўражанне. Сёлетняя Экспедыцыя надзвычай адметная, адзін са старажылаў “Дарогі”, атрымаўшы падрабязнае апісанне маршруту, у адказ даслаў узрушаны водгук: «Неверагодна цікава!»
У папярэднія гады абедзве Святыні, Лампаду з Благадатным Агнём і цудадзейную Загор’е-Сталавіцкую ікону Пакрову Прасвятой Багародзіцы нам перадавалі ў кафедральным Свята-Духавым саборы. Аднак адносна нядаўна ікона прапісалася ў храме Уладзіміра Хіраскі ў Мінску, там, на Матусевіча, 33, адбылося шчаслiвае яднанне яўленага пад Баранавiчамi абраза і па-асабліваму чуйных да яго прыхаджан.
Справа ў тым, што iкона, якая блiснула ў каўшы экскаватара i прымусiла перапынiць знiшчэнне праваслаўных могiлак – металiчная, лiтая, i калi невiдушчыя людзi павобмацак, асцярожнымi дотыкамi вывучаюць рэльефныя выявы герояў знакамiтага сюжэту з хрысцiянскай гiсторыi, калi застываюць у нерухомасцi маўклiвага дыялогу са Святыняй…
Гэта ўзрушвае i прымушае паверыць словам, якiмi пазней, ужо адыходзячы ад аналоя, абавязкова падзеляцца сляпыя багамольцы: яны ўсхвалявана паведамяць пра незвычайную цеплыню, якую адчулi пальцамi, далоняй, сэрцам!
Прыхаджане храма Уладзiмiра Хiраскi надзвычай узнёсла вiтаюць Загор’е-Сталавiцкую iкону пасля вяртання з Экспедыцый, гэтым разам упершыню яны будуць урачыста выпраўляць яе на маршрут. Адбудзецца шчырая i светлая сумесная малiтва, якая пачнецца ў сем гадзiн ранiцы 28 жнiўня.
У 11 гадзiн у мiнскiм Свята-Духавым саборы «Дарогу да Святыняў» выправяць у пяцiдзённую паездку ў больш афiцыйнай атмасферы. Старт Экспедыцыi традыцыйна сiмвалiзуе пачатак святкавання Дня беларускага пiсьменства, таму прагучаць пад зводамi храма i малiтоўныя песнапеннi, i словы благаславення ў дарогу, i прамовы дзяржаўных асоб i вядомых дзеячоў культуры.
Не будуць падобныя адзiн да аднаго i ўсе iншыя прыпынкi на далейшым шляху Экспедыцыi. Да прыкладу, Мар’iна Горка, у якую «Дарога да Святыняў» прыбывае 28 жнiўня па абедзе, найперш павiнна ўразiць панарамнасцю запланаваных мерапрыемстваў. I калi б зайшла размова пра аптымальны сцэнарый рэалізацыі асноўнай задачы Экспедыцыi, “даваць жыхарам наведваемых населеных пунктаў уяўленне пра атмасферу, якая запануе ў сталiцы Дня пiсьменства”, многія пункты з увасабляемай на Пухавіцкай зямлі праграмы ў варыянт ідэальны ўвайшлі б абавязкова.
Удзельнiкам «Дарогi» тут прапануюць ад пачатку рассыпацца, нiбы iскрынкам, па ўсiм горадзе, каб правесцi дзевяць, a праз паўзу, неабходную для пераезду з месца на месца, яшчэ шэсць духоўна-асветнiцкiх cустрэч у самых розных па характару аўдыторыях (наведваюцца i школы, i бальнiца, i сацыяльны прытулак, i аддзел унутраных спраў!). Потым жа, сумесна са сваiмi слухачамi, лампаднiкi павiнны сiнхронна выйсцi i накiравацца на цэнтральную гарадскую плошчу. На якой ужо будуць сабраны людзi, запрошаныя на велiчны агульнагарадскi Хрэсны Ход.
Не iнiцыятарамi Экспедыцыi прыдуманы падобны алгарытм, ён нарадзiўся дзякуючы фантазii тых, хто ў далёкiм 2009-м сустракаў нас у памятных Лельчыцах: вось так жа з розных бакоў там сцякалiся калоны, i цяжка было зразумець, хто адчувае большае ўзрушэнне, людзi, якiя чакаюць – цi тыя, хто паволi наблiжаецца да перапоўненай народам плошчы…
Потым, пасля Хрэснага ходу i набажэнства, ужо ў прыцемках, на прыступках Мар’iнагорскага храма запалаюць свечкi з Благадатным Агнём, пад цiхiм бясхмарным небам (хочацца верыць, што надвор’е паспрыяе, хаця існуе варыянт i на выпадак дажджу) адбудзецца творчы вечар удзельнiкаў Экспедыцыi: маштабная, цi не так, задума!
А вось у Чысцi лейтматыў iншы, там ранiцай 30 жнiўня запануюць няспешлiвая чысцiня i прыгажосць. Сам характар пасёлка падказаў змяненне танальнасцi, гарадок на Маладзечаншчыне адразу ж абудзiў дзiцячыя мары пра казачнае паселiшча, клапатлiва ўбудаванае ў чароўнасць навакольных краявiдаў. Хрэсны ход якраз i пройдзе па cвяточна прыбраных вулiцах, потым шэсце перамясцiцца да аддаленай ад населенага пункта царквы – i з вышынi пагорка, на якi шырокiм амфiтэатрам узбягае манументальная лесвiца, адкрыецца Чысць ва ўсёй сваёй непаўторнасцi. Шырокi гарызонт абернецца шыкоўным фонам для выступленняў святароў, асветнiкаў, пiсьменнiкаў i артыстаў.
Iдэя, з якой, уласна, i ўзнiкла Экспедыцыя – запаўняць шчырым словам тую паўзу «А пагаварыць?», якая мiжволi ўзнiкае ў славянскiм сэрцы пасля велiчнага Хрэснага ходу, — найлепшым чынам матэрыялiзуецца менавiта ў падобных, на прыступках царквы, духоўна-творчых сустрэчах. Чароўныя пейзажы Чысцi, верыцца, зробяць сумесную размову асаблiва яркай i натхнёнай. Як там будуць шчыраваць нашы паэты i музыканты!
Вызначэнне для валожынскага этапу «Дарогi» падбiраецца таксама лёгка, «разнастайнасць». У раёне Экспедыцыя разаб’ецца на тры аўтаномныя групы, якiя будуць працаваць адначасова ў Ракаве, Iвянцы i ў вёсачцы Кiявец. Хоча нехта выслухаць найперш слова асветнiка i навукоўцы – калi ласка, Ракаў адкрые такую магчымасць, там будуць выступаць асобы, прозвiшчы якiх нават без пералiчэння займаемых пасад i навуковых здзяйсненняў пра многае распавядуць чалавеку, хаця ў малой ступенi зацiкаўленаму лiтаратурай. Вячаслаў Рагойша, Сцяпан Лаўшук, Анатоль Бутэвiч, Генадзь Пашкоў, Iван Чарота, сербскi пiсьменнiк Ранка Гойкавiч – цi не праўда, кампанiя звышсур’ёзная!
Ну, а Марыя Захарэвiч, Алесь Камоцкi, заслужаны аматарскi калектыў Рэспублiкi Беларусь фальклорны ансамбль «Гасцiнец» — гэта гарантыя таго, што размова на сустрэчы не атрымаецца занадта сухой i навукападобнай.
Мерапрыемствы ў Iвянцы (прыгадваецца наведанне Экспедыцыяй гэтага паселiшча ў 2008-м годзе) пройдуць пад знакам яднання i спагады: а як iнакш, калi ўзбоч дарогi стаяць i вiтаюць Хрэсны ход навучэнцы Iвянецкай дзiцячай школы-iнтэрната? Вочы дзяцей заўсёды уратуюць ад фальшы i няшчырасцi.
У Кiяўцы сумесная малiтва лампаднiкаў i прыхаджан прыхаджан храма Святой Жываначальнай Троiцы будзе няспешлiвай, даверлiвай i цiхай.
Вечарам 29 жнiўня Экспедыцыя прыбывае ў Свята-Елiсееўскi Лаўрышаўскi мужчынскi манастыр. Пазнавата, стане ўжо цямнець (сустрэча запланавана на 20.00), i тут дзейства арганічна расквеціцца феерычнасцю фарбаў i малюнкаў. Прадугледжаны праграмай i асвячэнне новай каплiцы, i гiганцкае кола Святла вакол царквы, утворанае прыхажанамi з запаленым на свечках Благадатным Агнём, i Хрэсны ход вакол манастыра (зноў жа са свечкамi!), на пляцоўцы Летняга храма распачнецца, пры любым надвор’i, падсвечаная полымем запаленых вогнiшчаў творчая сустрэча гаспадароў i гасцей…
Вiдовiшчна, маштабна, урачыста. А ранiцай 30-га жнiўня настрой iзноў iмгненна памяняецца: задуменная Любча, уважлiвыя вочы слухачоў на духоўна-творчай сустрэчы «Дарога да Святыняў: Любча», правядзенне якой запланавана на тэрыторыi, што прылягае да храма Святога прарока Iлii.
Далей маршрут вядзе ў Ваўкавыскi раён, дзе да гэтай пары Экспедыцыя не бывала нiколi (як, дарэчы, упершыню наведваюцца i Мар’iна Горка, i Чысць, i Кiявец; не перастаеш здзiўляцца неабсяжнасцi нашай Радзiмы, столькi гадоў калясiм па краiне – а не вычарпалi запасу гарадоў i пасёлкаў, у якiя раней не завiтвалi!).
Новы край – новыя парадкi: Ваўкавыск уразiць прадуманай строгасцю дакладна прапiсаных дэталяў. Лiтаральна да метра даводзілася агаворваць тут кожны паварот на маршруце Хрэснага ходу, узгадняліся нават дробныя нюансы – але ж і справа вырашалася надзвычай няпростая: неабходна было вельмі асцярожліва паяднаць у адзінае цэлае праваслаўную i каталiцкую паловы праграмы работы ў гэтым рэгіёне. У выніку кампрамісу дасягнуць шмат у чым удалося, да прыкладу: ранiцай 31 жнiўня частка ўдзельнiкаў «Дарогi да Святыняў» працуе на Ваўкавышчыне ў Храме Святога вялiкамучанiка Георгiя Перамоганосца ўгарадскiм пасёлку Краснасельскi – а частка занята на паралельным мерапрыемстве ў каталiцкiм Доме рэкалекцыйным у суседнiм паселiшчы Рось…
I, вядома, прыпамiн аб жыхарах Ваўкавыска, якiя прысутнiчалi на прэзентацыйных канферэнцыях, што праходзiлi ў Ваўкавыску 8 жнiўня: якiя цёплыя ўсмешкi, якiя адкрытыя i чыстыя твары! Узгадваеш – i ўзрастае нецярплiвасць чакання новай сустрэчы: кампраміснаму рэгламенту, якi дасягнуты дзякуючы намаганням настолькi маладых, дзейсных i прыгожых арганiзатараў, падпарадкоўваешся без усялякай напругi!
Традыцыйнае месца прыпынку «Дарогi да Святыняў» – Святое Поле ў Баранавiцкiм раёне. Але звычайна мы сюды прыязджалi ў буднi дзень, апоўднi, адпаведна народу на сумесную малiтву над прахам бязвiнна патрывожаных загiнулых i супачылых (тут, на Святым Полi, явiлася iкона, тут былi пахаваннi, бяздумна знiшчаныя ў часы бязбожжа) збiралася адносна нямнога. Гэтым годам прыбываем у суботу, людзей пэўна ж будзе значна болей, ды i праграма па Баранавiцкiм раёне даволі насычаная i разнастайная: духоўна-асветнiцкiя сустрэчы пройдуць у аграгарадку Сталовiчы, у музеi-сядзiбе Адама Мiцкевiча «Завоссе» (ох знойдзе там пра што пагаварыць i паспрачацца тая ж Ганна Вячаславаўна Запартыка, удзельнiк «Дарогi да Святыняў» i дырэктар Дзяржаўнага архiва-музею лiтаратуры i мастацтва!), у Гарадзiшчанскiм доме-iнтэрнаце для дзяцей-iнвалiдаў…
Верная сёлетняму дэвiзу, «Беларускае пiсьменства: вытокi i перспектывы – у духоўнасцi», экспедыцыя «Дарога да Святыняў» правядзе, у чым лёгка пераканацца, масу надзвычай розных па танальнасцi i гучанню сустрэч. Вечарам 31-га жнiўня яна прывязе ў сталiцу свята беларускага пiсьменства, горад Слонiм, Благадатны Агонь i памяць пра атрыманыя на маршруце эмоцыi i ўражаннi. I як зямля з усiх пройдзеных населенных пунктаў падсыплецца пад каранi высаджваемай на Слонiмшчыне Алеi Малiтвы, так i прыпамiны гэтыя аздобяць дадатковымi прамянямi панараму ўсенароднага святкавання Дня беларускага пiсьменства. Прыходзьце, людзi, на сустрэчы, будзе сапраўды цiкава!
«Звязда»/Фотакарэспандэнт «Звязды» Яўген ПЯСЕЦКІ,