Асвяшчэнне крынічкі ў вёсцы Гайна Лагойскага раёна
У мінулую суботу вёска Гайна Лагойскага раёна адзначала не проста сваё свята, а юбілейную дату – 625-годдзе існавання. Не кожны населены пункт можа пахваліцца такой, як гэтае мястэчка, гісторыяй.
Варта нагадаць, што тут напрыканцы 14-га стагоддзя быў пабудаваны першы на нашых землях касцёл, пры якім у 1552 годзе заснавалі школу. Праваслаўная царква святога Архангела Міхаіла ўпершыню ўзгадваецца ў 1545 годзе. Пры ёй дзейнічалі царкоўна-прыходскае папячыцельства і 2 народныя вучылішчы. І хаця асноўнае насельніцтва складалі сяляне, сярод іх былі краўцы, кавалі, гарбары, пекары, шаўцы, капялюшнікі, якія мелі шэраг майстэрняў. У Гайне былі 2 крамы, мукамольнае і крупяное прадпрыемства, шавецкая майстэрня, кравецкая, сталярная і цагельна-ганчарная арцелі, вадзяны млын, кузня.
Прыгожай і хвалюючай кропкай свята стала асвяшчэнне святаром мясцовай Міхайлаўскай царквы іерэем Аляксандрам Паповым крынічкі, якая струменіць дзякуючы намаганням вяскоўцаў, што добраўпарадкавалі гэта месца і цяпер могуць ганарыцца гэтым цудоўным куточкам.
Валянціна КОРЗУН, “РК”
Фота аўтара