Каля сямі крыніц
Па добрай традыцыі да святкавання Хрышчэння Гасподня, ці Богаяўлення, у вёсцы Крупа каля святых крыніц, у сераду 18 студзеня, далучыліся жыхары і госці Бярэзіншчыны.
І нават бесперапынны дождж не стаў таму перашкодай. Многія памятаюць вадохрышчанскія маразы, а вось святкаванне Хрышчэння Гасподня ў такое дажджлівае надвор’е, напэўна, наўрад хтосьці прыгадае, і гэта дзівацтва прыроды стане асаблівасцю бягучага года.
Благачынны Бярэзінскай царкоўнай акругі, протаіерэй Ілья Ганчарук здзейсніў вадасвятны малебен, адзначыўшы, што гэта вялікая значная падзея ў жыцці кожнага праваслаўнага верніка.
Усе жадаючыя на месцы маглі набыць і паставіць свечкі. Ад іх агню, здавалася, у час малітвы станавілася цяплей і святлей. Напрыканцы малебна Ілья Ганчарук акрапіў усіх прысутных святой вадой. Шмат было жадаючых акунуцца ў купелі, і ўсе далучаныя да свята павезлі з сабой дадому асвечаную крынічную вадзічку. Лічыцца, што яна захоўвае свае гаючыя ўласцівасці на працягу ўсяго года, да наступнага Богаяўлення.
Верыць у гэта і Людміла Новікава, жыхарка Беразіно: — Мы стараемся штогод прыязджаць на Хрышчэнне Гасподняе. Канечне, свята для нас, як і для ўсіх праваслаўных, асаблівае. Думаю, кожны, хто далучаецца да святкавання, прыходзіць сюды з верай у сэрцы і атрымлівае палягчэнне і вылячэнне ад немачаў душэўных і цялесных.
Наталля і Сяргей Ліпніцкія прыехалі на Вадохрышча з суседняга Чэрвеньскага раёна.
– Прыязджаем сюды ўжо трэці год запар, – гаворыць Наталля. – Мы пабывалі ў многіх месцах Беларусі: і ў Мар’інай Горцы, і ў Слаўгарадзе, і яшчэ шмат дзе, але больш спадабалася тут, на Бярэзіншчыне. Усё добраўпарадкавана на тэрыторыі, і ліхтары ў вёсках свецяць, і пра ўласцівасці крынічнай вады можна прачытаць тут жа на шыльдах… Для мяне, як для арганізатара (я – дырэктар цырка) усё мае значэнне.
З вёскі Дмітравічы, каб далучыцца да святкавання і акунуцца ў купелі, прыехалі і сябры – Андрэй Леута, Іван Сіняк, Аляксандр Базылеў.
– Ніякія адлегласці не перашкода, – гавораць яны, – калі ёсць такая магчымасць ачысціць душу, узмацніць веру. Мы таксама заўзятыя ўдзельнікі вадохрышчанскіх купанняў.
Вядома, вадохрышчанскія купанні ствараюць асаблівую атмасферу. Аднак галоўнае ў час свята – гэта малітва і сустрэча з Госпадам праз прычасце, бо толькі ў яднанні з царкоўнымі таінствамі купанне ў іарданях мае сэнс.
Як звычайна, непадалёк, на вогнішчы, закіпала вада для чаявання. Гарачай гарбатай частаваў усіх Мікалай Дзялендзік.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.
Березинская панорам