Тата ў сям’і і бацюшка ў храме
Быць бацькам сям’і і адначасова духоўным айцом у храме Божым – гэта, мабыць, нагрузка двайная у поўным сэнсе.
Вельмі знамянальна, што настаяцель храма ў аграгарадку Сяліба айцец Аляксей Маслянкоў перад святам Дня бацькі стаў татам у чацвёрты раз, з чым яго і матушку Вольгу шчыра віншуем.
Жывуць Маслянковы там жа ў Сялібе. У гаспадарцы ёсць агарод, таксама трымаюць пчолак. Стаж сямейнага жыцця налічвае ўжо 12 гадоў. Старэйшага сына завуць Ціхан, дачку – Васіліса, малодшага сына – Ваня. Як назваць чацвёртае дзіця – бацькі яшчэ вырашаюць.
Таксама ўжо 11 гадоў айцец Аляксей у святарскім сане. Цікава даведацца: як гэта – быць адказным галавой сям’і і добрым бацюшкам для прыхаджан?
– Апостал Павел кажа: хто не можа кіраваць сваім домам, як можа ўпраўляць паствай? – Кажа айцец Аляксей. – Таму найперш неабходна ва ўласнай сям’і быць годным прыкладам, тады ўжо будзеш і годным святаром.
– Вы адчуваеце моцную адказнасць і за сям’ю, і за прыхаджан. Як Вы сумяшчаеце сям’ю і служэнне?
– Можна сказаць так: сям’я і служэнне неразрыўна між сабою звязаныя. Пастыр – гэта заўсёды айцец, бацька. І гэта вялікая адказнасць і там, і тут. Святарства ў царкве – гэта служэнне, і быць бацькам у сям’і – гэта таксама служэнне. У абодвух выпадках бывае нялёгка. Сям’я – гэта другая работа. І перш за ўсё работа над сабою. Напрыклад, спяшаешся дадому каб адпачыць, узяць у рукі любімую кнігу, а жонка табе з парога: каханы, вынесі смецце, забяры дзіця з садка, а па дарозе купі хлеба. І ты ідзеш, пераадольваючы стому – гэта і ёсць любоў і каханне. Сямейнае жыццё – гэта самаахвяраванне. Госпад так і кажа: блажэнней даваць чым прымаць.
– У колькі зазвычай пачынаецца Ваш дзень?
– Каб нешта паспець зрабіць, неабходна ўстаць раней, пакуль дзеткі яшчэ спяць, бо потым як прачнуцца, адразу да таты на ручкі, пачытаць кніжку, пагуляцца. Потым дзень у справах, кладуся спаць як ужо давядзецца.
– Колькі ў сям’і можа быць дзяцей?
– Колькі Бог дасць. Дзеці – дар Божы. Задача бацькоў не толькі нарадзіць і забяспечыць дзяцей усім неабходным, але яшчэ і выхаваць. Для гэтага бацьку варта самому быць прыкладам ва ўсім.
– Вось у вас ужо салідны стаж сямейнага жыцця і бацькоўства. Ці звяртаюцца прыхаджане за парадамі, як лепш паўплываць на ўласных чадаў?
– Да святара прыходзіць шмат людзей з разнастайнымі жыццёвымі сітуацыямі, ён можа даць патрэбную параду. Вялікае значэнне мае і ўласны вопыт ва ўласнай сям’і. Але святар дзеліцца не толькі асабістым вопытам, а і агромністым вопытам Царквы.
– Што вы параіце татам?
– Помніць, што дзеці бяруць прыклад з нас, таму важна, каб у сем’ях жыла любоў і згода, не было месца дурным словам і крыўдным выкрыкам. Дзеці ўсё гэта капіруюць, і калі вырастаюць, на падсвядомым узроўні паўтараюць усё тое, што чулі і бачылі ў дзяцінстве, паступаюць як іх бацькі.
Асабістым вопытам тата можа дапамагчы раскрыцца тым добрым здольнасцям, якія могуць мецца ў дзіцяці, або наадварот. Што значаць словы апостала Паўла: муж ёсць галава жонкі? Галава – гэта не дэспат, не тыран. На яго плечы ўскладзена агромністая адказнасць за сям’ю. Тут важна, што тваё слова мае сілу, калі сам тым словам жывеш. Галава – гэта абаронца і кармілец. Менавіта гэта і яшчэ адказнасць за свае ўчынкі робяць мужчыну мужчынам.
– Раскажыце, як Вы пазнаёміліся з матушкай?
– Гэта доўгая рамантычная гісторыя. Нябожчык айцец Анатоль Кісель прапанаваў мне стаць святаром, у Сялібе, а ў праваслаўі святар калі выбірае шлях сямейнага жыцця, павінен ажаніцца да рукапалажэння ў сан. І я маліўся, каб Бог паслаў матушку. Атрымалася праз агульных знаёмых і завочна (па тэлефоне) пазнаёміцца з будучай суджанай. У тэлефоннай размове я ёй так і сказаў: мне патрэбна матушка, жыць будзем у вёсцы. Яна апешыла ад нечаканасці і сказала пазваніць заўтра.
Амаль кожны дзень мы пачалі перазваньвацца, а праз тыдзень адбылася наша першая сустрэча, як раз на дзень свяціцеля Мікалая Цудатворца, прастольнае свята ў Нікольскім храме Беразіно. Каханне з першага позірку, неўзабаве пажаніліся. Выпадковасці ў нашай сустрэчы не было, гэта адназначна Промысел Божы. Вельмі ўдзячны айцу Анатолю Кісялю, які накіроўваў мяне ў гэтым і даваў карысныя жыццёвыя парады.
– Скажыце, наколькі матушка з’яўляецца Ваша надзейнай апорай і падтрымкай у жыцці, памочніцай у служэнні?
– Нават нельга сказаць у наколькі вялікай ступені. Помніце кінастужку “Поп” з Андрэем Макавецкім у галоўнай ролі? Як казаў яго герой: я – адзіначка, матушка – нолік, а разам мы – дзясятачка. Хто ж цябе будзе выхоўваць, паказваць на недахопы, хто цябе выправіць, як не матушка? Адзін святар параўноўваў шлюб з мяшком, у які паклалі два востракутных камяні. Гэты мяшок пачынаюць трэсці. І тут два варыянты: або гэтыя камяні прыціраюцца так, што перастаюць раніць адзін аднаго, або яны не хочуць прыцірацца і мяшок рвецца. У навуцы існуе яшчэ паняцце дыфузіі, гэта калі два целы прытруцца так, што іх нічым не разняць. Гэта вось сапраўдны шлюб. Так і ў маім выпадку, без матушкі я “адзінічка”, а з ёю разам мы – сіла, здольная пераадольваць любыя нягоды.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота з архіва героя матэрыялу.