Дарога да святыняў – дарога да сэрцаў
Раніца 29 жніўня выдалася сонечнай. Быццам нават надвор’е радавалася той падзеі, у чаканні якой лагайчане сабраліся ля скульптуры Божай Маці – духоўнай ахоўніцы нашага горада. Менавіта тут жыхары райцэнтра сустракалі ўдзельнікаў 25-й духоўна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”.
На працягу чвэрці веку напярэдадні Дня пісьменнасці група вядомых айчынных навукоўцаў, пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і святароў выпраўляецца ў падарожжа па гарадах і вёсках краіны, каб сустрэцца з суайчыннікамі, аб’яднацца ў малітве, павесці гаворку пра багатую духоўную спадчыну, паслухаць гаспадароў і падзяліцца з імі сваімі думкамі і меркаваннямі.
Па традыцыі шлях экспедыцыі пачаўся ў сценах Мінскага сабора Святога Духа, дзе захоўваецца нязгасны Благадатны агонь, дастаўлены сюды ад Гроба Гасподняга ў Іерусаліме. Лампада з гэтай вялікаю святыняю вандруе па Беларусі, каб запаліць нават не тысячы, а мільёны свечак веры і надзеі, з якімі вяртаюцца людзі пасля малебнаў у вялікіх храмах і маленькіх царквах Айчыны. Усяго за гады існавання экспедыцыі было асвечана звыш 600 храмаў, удзел у хросным ходзе прынялі больш чым 3 мільёны беларусаў.
—І вось нарэшце гэтай хвалюючай падзеі дачакаліся і лагайчане, — заўважыла ў сваім выступленні пры сустрэчы экспедыцыі на чале з епіскапам Барысаўскім і Мар’інагорскім Веніамінам старшыня Лагойскага раённага Савета дэпутатаў Людміла Муравіцкая. – Мы заўсёды рады вітаць гасцей на нашай славутай зямлі, жыхары якой імкнуцца захаваць і перадаць наступным пакаленням каштоўную спадчыну, якую атрымалі ад продкаў. А царква Свяціцеля Мікалая ў Лагойску стала цэнтрам духоўнага жыцця горада і навакольных населеных пунктаў. Гаючыя крыніцы, якія выбіваюцца з зямлі ля яе падножжа, прыцягваюць не толькі мясцовых жыхароў, але і шматлікіх гасцей. Мы з задавальненнем знаёмім іх з багатай гісторыяй горада, які сёлета адзначыў 490-годдзе.
— Мы праехалі тысячы кіламетраў, мелі мноства сустрэч, але кожны раз хвалюемся, як упершыню, — зазначыла пісьменніца Ніна Загорская, якая нават пры выступленні не выпускала з рук яшчэ адну святыню, што стала неад’емнай часткай экспедыцыі – Загор’е-Сталовіцкую цудатворную ікону Божай Маці. – Кожная такая сустрэча, якая суправаджаецца агульнай малітваю, духоўна ўзбагачае і загартоўвае нас.
— Наш народ можа лічыць сябе шчаслівым і багатым, таму што не страціў веры бацькоўскай, — лічыць правячы архіерэй. – Вера гэтая дапамагала нам у самыя цяжкія моманты. Хіба маем мы права страціць яе, пакінуць без духоўнай абароны сваіх нашчадкаў? І сёння побач з дарослымі стаяць дзеці – наша будучыня, за якую мы нясём адказнасць. Сімвалічна і тое, што наша сустрэча праходзіць на наступны дзень пасля свята Успення Багародзіцы, да якой мы звяртаемся за дапамогай ва ўсіх справах і пачынаннях.
Пасля благаславення ўладыкі хросным ходам усе прысутныя з малітваю скіроўваюцца да Свята-Мікалаеўскай царквы. Тут быў адслужаны малебен, падчас якога епіскапу саслужылі святары Лагойшчыны.
І вось наступае хвалюючы момант запальвання лампад і свечак ад Благадатнага агню. Протаіерэй Аляксандр Пачопка яшчэ раз павіншаваў усіх са святам і пажадаў, каб свет Божы, атрыманы ад нязгаснага агню, асвятляў іх душы і шлях да святыняў.
Па заканчэнні малебну ўсіх запрасілі да месца стварэння саду Малітвы. Пасадка дрэўцаў – яшчэ адна добрая традыцыя экспедыцыі. На гэтым урачыстая частка мерапрыемства завяршылася і саступіла месца сустрэчам з тымі, да каго госці хацелі данеслі шчырыя, пранікнёныя словы пра нашы духоўныя каштоўнасці.
У зале раённай бібліятэкі іх чакалі тыя лагайчане, якія шануюць матчыну мову і нясуць яе прыгажость да іншых праз свае спробы пяра, з якімі, дарэчы, пазнаёмілі і ўдзельнікаў экспедыцыі. Першымі да прысутных звярнуліся знаўцы гісторыі з Нацыянальнай акадэміі навук Пётр Лысенка і Наталля Дубіцкая, якія прывялі такі цікавы факт: пры раскопках у Берасці школьнік знайшоў драўляны грабенчык з азбукай. Як высветлілася, гэтая знаходка адносіцца да 12 стагоддзя. Значыць, ужо тады на нашай зямлі жылі пісьменныя люді. Лагойская зямля можа ганарыцца братамі Тышкевічамі, якія цікавіліся гісторыяй і пакінулі шмат каштоўных скарбаў. Самі за сябе гавораць імёны Янкі Купалы і іншых славутых пісьменнікаў і паэтаў, лёсы якіх былі звязаны з Лагойшчынай.
— Трэба толькі больш актыўна распавядаць аб гэтым, — лічыць Анатоль Бутэвіч, які займаў высокія пасады на дзяржаўнай і дыпламатычнай службах. – У іншых краінах павінны ведаць і Кірылу Тураўскага, і Францыска Скарыну, і Еўфрасінню Полацкую. Гэты спіс можна доўга працягваць. А каб даносіць веды, неабходна самім з пашанай і годнасцю да іх ставіцца.
Навукоўца і пісьменніца Алена Яскевіч і журналіст газеты “Звязда” Яўген Пясецкі прачыталі свае вершы пра духоўную існасць чалавека. А народная артыстка краіны Марыя Захарэвіч нагадала аб тым, што і сённяшнія творцы ўдала працягваюць эстафету вядомых майстроў слова, і прывяла ў прыклад нашага земляка Сяргея Давідовіча, які ўвесь час праслаўляе Бацькаўшчыну і сваю малую радзіму. Артыстка пранікнёна прачытала творы пра самае галоўнае – сувязь кожнага з нас з тым куточкам, дзе нарадзіліся, дзе сталі на ногі, набывалі веды і сэрцам дакраналіся да веры дзядоў і бацькоў.
Валентина КОРЗУН, «Родны Край»
Фото: Юрия КРИВОШЕЯ, Надежда ПИЛИПЕНОК