АРХІЕРЭІ БЕЛАРУСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ ПРЫНЯЛІ ЎДЗЕЛ ВА ЎРАЧЫСТАСЦЯХ З НАГОДЫ ДНЯ БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА
З 1994 года ў Беларусі ў першую нядзелю першага восеньскага месяца адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Сталіцай свята па чарзе робяцца розныя населеныя пункты. У гэтым годзе святочныя мерапрыемствы прайшлі 4 верасня ў горадзе Рагачове Гомельскай вобласці.
Прывітальнае слова да ўдзельнікаў свята накіраваў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел іерархі Беларускай Праваслаўнай Царквы: епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан, епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін. Дзень беларускага пісьменства стаў, згодна з традыцыяй, фінальным днём навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”.
У архіпастырскім слове да прысутных епіскап Стэфан адзначыў, што беларускае пісьменства цесна звязана з Царквой: усім вядомы імёны Сімяона Полацкага, Кірыла Тураўскага, Еўфрасінні Полацкай. Гэтыя асобы не толькі стаялі ля вытокаў беларускай літаратуры, але і былі падзвіжнікамі Праваслаўнай Царквы. Уладыка павіншаваў арганізатараў і гасцей свята, пажадаў ім дапамогі Госпада Іісуса Хрыста і Маці Божай, паведамляе сайт Гомельскай епархіі.
Падчас адкрыцця першага ў Гомельскай вобласці Дома кнігі епіскап Стэфан падараваў бібліятэцы Дома кнігі Біблію.
У святкаванні Дня беларускага пісьменства прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычных місій, дэлегацыі беларускіх дыяспар з 19 краін блізкага і далёкага замежжа, пісьменнікі і публіцысты з Беларусі і іншых краін. Святочная праграма налічвала каля 100 мерапрыемстваў.
Фото Роман Карпенко
Борисовская епархия/ Church.by