Будзьце годнымі абаронцамі Радзімы!

Ужо стала добрай традыцыяй праводзіць на Бярэзіншчыне Дзень прызыўніка. Вось і на мінулым тыдні ва ўрачыстай абстаноўцы 9 бярэзінцаў атрымалі позвы ў армію!

Лёгкай і мірнай службы

Першым да прызыўнікоў звярнуўся намеснік старшыні Бярэзінскага райвыканкама Уладзімір Навіцкі:

– Паважаныя прызыўнікі, сёння для вас значная падзея. Мы вас праводзім у армію. Жадаем моцнага здароўя, лёгкай і мірнай службы, узмужнець у арміі, загартаваць свой характар. Упэўнены, кожны з вас радуецца і ганарыцца, што будзе сапраўдным абаронцам Айчыны. Сёння абарона Радзімы – гэта святое. Вы абараняеце сваіх родных, блізкіх, любых, сяброў… І гэта не пафасныя словы – а на самой справе так. Сёння ў няпросты час вельмі важна жыць у міры, згодзе, не ведаць ваеннага ліхалецця. І наша дзяржаўная палітыка накіравана менавіта на гэта. Прыемна, што вы ідзяце служыць у такія элітныя войскі, як дэсантныя, спецыяльнага прызначэння… Вернецеся з арміі сапраўднымі мужчынамі! А мы вас чакаем на роднай Бярэзіншчыне.

З боскім блаславеннем

У ратнай справе без боскага блаславення нікуды. Вітаў і блаславіў юнакоў іерэй Васілій Васількоў:

– Жадаю вам, дарагія прызыўнікі, боскай дапамогі, боскага бласлаўлення. А пасля службы чакаю вас у нашым храме на вуліцы Піянерскай, пагутарым, раскажаце пра службу. Няхай ахоўвае вас Бог.

Урачысты момант

Вось і настаў хвалюючы і ўрачысты момант – уручэнне позваў.

Іх юнакам уручылі Уладзімір Навіцкі і намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне ваеннага камісарыята Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў Максім Клюеў. Блаславіў на лёгкую службу юнакоў Васілій Васількоў.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.


Return to Top ▲Return to Top ▲