Епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін узначаліў арганізацыйны сход па падрыхтоўцы 23-й навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”
Адным з знакавых мерапрыемстваў Года культуры ў Беларусі будзе дваццаць трэцяя экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. 18 мая ў канферэнц-зале Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі адбыўся арганізацыйны сход па яе падрыхтоўцы пад кіраўніцтвам епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна, старшыні аддзела.
Плануецца, што экспедыцыя пройдзе з 31 жніўня па 4 верасня 2016 года.
Традыцыйна у мерапрыемствах “Дарогі да святыняў” удзельнічаюць вядомыя дзеячы навукі, культуры, прадстаўнікі Царквы. З іх удзелам у гарадах і вёсках праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, якія абавязкова ўключаюць: малебны, навуковыя канферэнцыі, круглыя сталы, духоўна-асветніцкія сустрэчы. Традыцыйнымі сталі пасадкі Садоў Малітвы ў населеных пунктах.
Удзельнікі наведаюць святыні чатырох беларускіх епархій. Плануецца, што ў 2016 годзе маршрут пачнецца, як заўсёды, у Мінску з далейшымі прыпынкамі: вёска Крысава (Дзяржынскі раён), Святое Поле (вёска Загор’е, Баранавіцкі раён), горад Баранавічы, гарадскі пасёлак Чырвоная Слабада (Салігорскі раён), гарадскі пасёлак Акцябрскі, гарадскі пасёлак Чырвоная Слабада, вёска Парэчча, вёска Граб’е (Акцябрскага раёна), гарадскі пасёлак Азарычы, горад Гомель, пасёлак гарадскога тыпу Парычы, горад Светлагорск, горад Жлобін. На заканчэнне экспедыцыі адбудуцца святочныя мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства у горадзе Рагачове.
Па выніках пасяджэння сфарміравана рабочая група па падрыхтоўцы 23-й навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”.
Нязменным кіраўніком навукова-асветніцкай экспедыцыі з’яўляецца Ніна Сымонаўна Загорская, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”.