Музычна-літаратурная сустрэча «Звоны» ў музеі-сядзібе І.Х. Каладзеева
«Гудзяць званы прызыўна, абвяшчаючы людзям трывогу ці радасць, збіраюць народ на агульную малітву. Мы заміраем на хвіліну, калі чуем яго, адчуваем, як пранікае ў нас гэтае гудзенне, злучаючы наша зямное з нябёсным. І ў той момант разумеем, што Вечнасць – не дзесьці там, за парогам, а тут, зараз, яна ў нас, а мы ў ёй». Такімі словамі пачалася музычна-літаратурная сустрэча з назвай «Звоны», арганізаваная літаратурным аб’яднаннем «Актава» (кіраўнік – член Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Марына Лайкова) Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна.
Мерапрыемства праводзілася 19 мая ў музеі-сядзібе І.Х. Каладзеева, з нагоды прэзентацыі двух нумароў літаратурна-мастацкага альманаха «Актава»: «Званы» (выдадзены па блаславенні Благачыннага Першага Барысаўскага благачыння протаіерэя Аляксандра Вярбіла) і «Куфэрак».
Творчы вечар адкрыў іерэй барысаўскага храма «Нараджэння Хрыстовага” айцец Арцемій, прамовіўшы біблейскія словы: «Вы – соль зямлі… Чалавек, як істота духоўная, шукае ісціну і сэнс жыцця, часам праз мастацтва». Прафесійныя парады юным літаратарам і мастакам далі старшыня Мінскага абласнога аддзялення СПБ, пісьменнік Леанід Крыванос, намеснік старшыні паэт Рагнед Малахоўскі, дырэктар ДУДА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” Галіна Лужкоўская, паэт і літаратуразнаўца Іван Лайкоў, а таксама гаспадар сядзібы І.Х. Каладзеева, мецэнат Уладзімір Слесараў.
У праграме гучалі творы юных пісьменнікаў з літаб’яднання «Актава», а таксама класічная фартэпіянная музыка ў выкананні навучэнцаў студыі «Гармонія» (кіраўнік – піяністка Марыя Стадній). Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай карцін мастакоў-ілюстратараў альманаха «Актава».
Сайт мінскага абласнога аддзелення саюза пісьменнікаў Беларусі/ Марына Лайкова