ПАСХАЛЬНАЕ ПАСЛАННЕ МІТРАПАЛІТА МІНСКАГА І ЗАСЛАЎСКАГА ВЕНІЯМІНА, ПАТРЫЯРШАГА ЭКЗАРХА УСЯЕ БЕЛАРУСІ, АРХІПАСТЫРАМ, СВЯШЧЭННАСЛУЖЫЦЕЛЯМ, МАНАХАМ І ЎСІМ ВЕРНЫМ ДЗЕЦЯМ БЕЛАРУСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ
Узлюбленыя ў Хрысце архіпастыры, пастыры, манахі
і ўсе верныя сыны і дочкі Беларускай Праваслаўнай Царквы!
Хрыстос уваскрэс!
Зноў разліваецца над зямлёй Пасхальны звон, храмы напоўнены людзьмі, якія ў вялікай радасці вітаюць адзін аднаго ўзнёслымі святочнымі словамі: «Хрыстос уваскрэс!»
Зусім нядаўна мы духоўна суправаджалі Госпада на Галгофу, смуткавалі разам з Маці Божай, святымі Апосталамі і жанчынамі-міраносіцамі, суперажываючы пакутам Спасіцеля, пераносячы са слязьмі прачыстае цела ў магільную пячору. Разам з прарокам Ісаіем наша сэрца і наш розум схіляліся ў глыбокай пашане перад неспасціжным вобразам Госпада Славы, Які скарыў Сябе да смерці на крыжы:
«Ён быў пакрыты ранамі за грахі нашы і пакутаваў за беззаконні нашы; пакаранне міру нашага было на Ім… Як авечку, вялі Яго на смерць, і як ягня, якое маўчыць перад тым, хто стрыжэ яго, так Ён не адкрываў вуснаў Сваіх» (Іс. 53, 5, 7).
Тыдню пакут папярэднічаў Вялікі Пост — час пакаяння, малітвы і духоўнай працы, калі мы з дапамогай Божай намагаліся ачысціць сябе ад усяго марнага і грэшнага, каб адкрыць сваё сэрца благадаці Божай.
І вось цяпер, у дзень, які стварыў Гасподзь, мы прыйшлі ў храмы Божыя, каб узрадавацца і ўзвесяліцца ў гэты дзень (Пс. 117, 24), і каб, паводле словаў свяціцеля Іаана Залатавуста, «увайсці ў радасць Госпада свайго і атрымаць асалоду ад гэтай цудоўнай і светлай урачыстасці» (Слова аглашальнае на Святую Пасху).
Гасподзь наш Іісус Хрыстос паказвае нам, як трэба перажываць радасці і выпрабаванні, якія сустракаюцца на нашым шляху, у чым шукаць суцяшэнне і чэрпаць жыццёвыя сілы. «Мая ежа — выконваць волю Таго, Хто паслаў Мяне і здзейсніць справу Яго» (Ін. 4, 34), — вучыць Сын Божы. Пры гэтым Ён знаходзіцца ў няспыннай малітве і сувязі са Сваім Нябесным Айцом.
Менавіта таму на працягу Вялікікага посту мы столькі ўвагі і сіл аддавалі малітве дамашняй і царкоўнай. І кожны, хто спазнаў вопыт шчырай і пастаяннай малітвы, пераконваецца, што чым больш мы схіляем сябе да яе, тым больш, паводле словаў апостала Паўла, здабываем духоўнай радасці: «Заўсёды радуйцеся. Няспынна маліцеся» (1 Фес. 5, 16). І вельмі важна такі настрой нашага сэрца зберагчы ва ўсе астатнія дні года.
У свеце сёння нарастае напружанасць і супрацьстаянне: свет уступіў у эпоху перамен, і гэта ўсё больш трывожыць людзей на зямлі. Але ў нас ёсць вялікае суцяшэнне і трывалы падмурак нашай надзеі, бо хрысціяне маюць унікальную магчымасць ацэньваць усё тое, што адбываецца, з пункту гледжання вечнасці і ў святле той вялікай Пасхальнай перамогі, якую атрымаў Сын Божы і Сын Чалавечы над злом і смерцю. «Вось, Я кладу ў падмурак на Сіёне камень, камень выбрабаваны, краевугольны, каштоўны, добра ўмацаваны: той, хто веруя ў Яго, не будзе пасаромлены» (Іс. 28, 16).
У гэтым годзе мы ўрачыста святкуем 1030-годдзе Праваслаўя на беларускіх землях. Гэта змушае нас асабліва ўважліва звярнуцца да нашага гістарычнага вопыту. Няпростым быў шлях, пройдзены Праваслаўнай Царквой, нямала выпрабаванняў і цяжкасцей давялося перажыць нашым продкам. І менавіта вера ў Бога дапамагла захавацца нашаму народу, выхаваўшы ў ім такія хрысціянскія дабрадзейнасці, як любоў да бліжняга, лагоднасць, цярплівасць і міласэрнасць, уменне зразумець адзін аднаго.
Зносіны з Богам, выкананне Яго запаведзяў — вось пуцяводная зорка ў няпростым сучасным свеце. Кіруючыся ёю, мы захаваем наша сэрца адкрытым для благадаці, а нашы духоўныя вочы будуць ясна бачыць Промысел Божы і знаходзіць адпаведны яму правільны шлях. Пры гэтым, несумненна, будзем мець цвёрдую надзею на ўсемагутную дапамогу ад Госпада. «А надзея не пасароміць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашы Духам Святым, Які дадзены нам» (Рым. 5, 5).
Віншую Вас, дарагія, з урачыстасцю Светлай Пасхі! Малітоўна жадаю, каб нашы сэрцы напоўніліся Пасхальнай радасцю і яна асвячала ўсе нашы думкі і ўчынкі. Панясем добрую вестку пра Хрыста Уваскрэслага нашым братам і сёстрам, блізкім і далёкім, асабліва тым, хто знаходзіцца ў смутку і хваробе, каб кожны дакрануўся да той радасці, якую Гасподзь дараваў нам Сваім Уваскрасеннем.
Хрыстос Уваскрэс!
Сапраўды Уваскрэс!
+ ВЕНІЯМІН,
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Пасха Хрыстова, 2022
горад Мінск