Іерэй Нікадзім Пашкоў прыняў удзел у навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь, Смалявіцкі край і Эдвард Вайніловіч».
7 кастрычнiка на гасціннай Смалявіцкай зямлі віталі ўдзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь, Смалявіцкі край і Эдвард Вайніловіч”.
Форум праводзіцца ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы навуковых Даследаванняў на 2021—2025 гг. «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы» падпраграмы “Гісторыя”.
Удзельнікаў прымала новая сярэдняя школа №5 г. Смалявічы. Установа адукацыі адчынена толькі ў гэтым годзе, але навучэнцы і настаўнікі ўжо прымалі ўдзел у такім вялікім гуманітарным і духоўным форуме.
Ва ўтульнай актавай зале прысутнічалі вучні, настаўнікі з розных устаноў адукацыі Смалявіцкага раёна, спецыялісты ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Смалявіцкага райвыканкама, навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, а таксама ганаровыя госці.
Таксама прысутнічаў на форуме настаяцель храма Мінскай іконы Божай Маці іерэй Нікадзім Пашкоў.
Першым са словамі прывітання да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся старшыня Смалявіцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Ратомскі. Ён адзначыў, што вельмі сімвалічна так супала, што форум праходзіць менавіта ў Год гістарычнай памяці і выразіў надзею, што з падвядзеннем вынікаў канферэнцыі не скончыцца імкненне і цікавасць навучэнцаў да вывучэння гісторыі роднага краю.
Аўтар: Марына МІХАЙЛОЎСКАЯ.
Фота: Лізавета ЮШКО-САДОЎСКАЯ (Інстытут гісторыі НАН Беларусі)
Крыніца: Газета «Край смалявiцкi»