Шлях святарства і пакутніцтва: свяшчэннапакутнікі Дзімітрый Плышэўскі і Уладзімір Зубковіч
Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.
У студзені 2021 года споўнілася 83 гады з дня пакутніцкага скону святароў Дзімітрыя Плышэўскага і Уладзіміра Зубковіча, святых новапакутнікаў і спавядальнікаў зямлі Беларускай, якія служылі Госпаду ў г. Смалявічы і засведчылі сваю веру ў Бога пакутніцкай смерцю ў 1938 годзе.
Дзімітрый Іванавіч Плышэўскі нарадзіўся ў 1880 годзе ў сям’і спадчыннага святара ў сяле Дубінец Пінскага павета. Пра ранні перыяд яго жыцця вядома няшмат. З успамінаў унучкі айца Дзімітрыя, Вольгі Дзмітрыеўны Дзянісавай, ён “шмат чытаў і быў адукаваным чалавекам. Адрозніваўся высокім ростам, моцным здароўем, валодаў выдатным голасам”.
У 1905 годзе Дзімітрый Плышэўскі скончыў Мінскую духоўную семінарыю і неўзабаве ажаніўся з Аляксандрай Паўлаўнай Кіркевіч, якая таксама паходзіла са святарскай сям’і. Яе родны брат, Антоній Кіркевіч, пазней стаў вядомым мінскім протаіерэем, служыў у Свята-Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы, іншых храмах горада і быў расстраляны ў 1937 годзе.
Пасля пасвячэння ў сан святара айцец Дзімітрый Плышэўскі выконваў свае абавязкі з вялікай самааддачай.
Свой пастырскі шлях малады святар пачаў у царкве Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Астражанка паблізу Мазыра.
Праз тры гады айца Дзімітрыя перавялі ў вёску Лядзец, а ў 1915 годзе – у вёску Амговічы (недалёка ад Бабруйска).
Праз два гады служэння ў храме Раства Багародзіцы ў Амговічах айцец Дзімітрый атрымаў і свой першы “медаль” – набедранік. Гэтая ўзнагарода, якую ўручаюць святарам за самаадданае служэнне, уяўляе сабой прамавугольны плат з выявай крыжа, які носіцца пры правым сцягне як сімвал духоўнага мяча.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года айца Дзімітрыя чакаў перавод на новае месца служэння. На гэты раз – вёска Узляны Ігуменскага павета Мінскай губерні.
Як распавядае Вольга Дзянісава, “сям’я Плышэўскіх жыла вельмі сціпла. У іх было чатыры дачкі: Лідзія, Леаніла, Ніна і Вера. Усе дзяўчынкі самі шылі сабе верхняе адзенне. Айцец Дзімітрый быў строгім бацькам сямейства, таму ў Плышэўскіх ніхто ніколі не гультайнiчаў.
У кожнага былі свае абавязкі. Сам айцец Дзімітрый вельмі любіў рыбачыць. Большую частку свайго ўлову ён раздаваў бедным. Нават у побыце айцец Дзімітрый ніколі не здымаў падрасніка, хоць хлапчукі дражнілі і смяяліся з яго. Сярод родных айцец Дзімітрый часта распавядаў пра тыя здзекаванні, якім ён падвяргаўся з боку ўлады, казаў пра тое, што ад яго патрабуюць адмовіцца ад Царквы, але “з Божай дапамогай ён будзе трымацца і не пойдзе на здраду”.
Па-свойму назва вёскі Узляны стала сімвалічнай: менавіта тут здарыўся першы арышт святара. Адбылося гэта ў разгар калектывізацыі, прыкладна ў 1930 годзе. Паводле ўспамінаў Вольгі Дзянісавай, прычынай арышту з’явілася тое, што айцец Дзімітрый не здолеў своечасова выплаціць падатак за дзейны храм. Не хапіла сродкаў. Тады да яго дадому “прыйшлі прадстаўнікі ўлады і забралі ўсё хоць трохі каштоўнае ў доме і храме. Калі яны пачалі абтрэсваць сад, айцец Дзімітрый стаў маліцца за тых, хто прыйшоў, прыгаворваючы пры гэтым: “Даруй ім, Госпадзі, бо не ведаюць, што твораць”. На гэта тыя, што тварылі беззаконне, сказалі, каб ён маліўся не за іх, яны не вераць у Бога, а за тое, каб ім лягчэй было абтрасаць дрэвы. Айцец Дзімітрый выканаў іх пажаданне і адбыўся… цуд. Яблыкі і грушы самі пасыпаліся з дрэў на зямлю”.
Выпадак гэты ўвайшоў у сямейнае паданне Плышэўскіх. Святар правёў у зняволенні некалькі тыдняў і выйшаў толькі дзякуючы смеласці і настойлівасці сваёй жонкі і вернікаў. Шматлікія подпісы былі сабраныя ў яго абарону. Можна толькі здагадвацца, як абыходзіліся ў турме са зняволенымі… Айцец Дзімітрый выйшаў адтуль з адным зубам. Здзекаваліся доўга, збівалі святара, прымушалі зняць крыж. Але ён выстаяў.
Неўзабаве храм ва Узлянах закрылі. Аднак у Смалявічах у царкве Свяціцеля Мікалая Цудатворца знайшлося месца для другога святара. Пасля першага арышту было б легкадумна лічыць, што гэтым усё скончыцца. Але пастаянная гатоўнасць да небяспекі не зламала айца Дзімітрыя. Ён працягваў усё гэтак жа горача служыць Богу і людзям.
У 1930-я гады дочкі айца Дзімітрыя пачалі самастойнае жыццё. Старэйшая, Лідзія, стала настаўніцай. Ніна працавала даяркай. Леаніла была бухгалтарам. Малодшая Вера вучылася ў школе ў Мінску. Незадоўга да свайго другога арышту, у прадчуванні наступлення бяды, айцец Дзімітрый, як расказвала Вольга Дзянісава, “быў вельмі сур’ёзны і шмат сумаваў”. Матушцы Аляксандры даваў апошнія ўказанні адносна дачок. Суцяшаў яе і заклікаў мацавацца. Казаў: “Будзе крывавая вайна, вайна матораў…”. Прадчуванні яго спраўдзіліся.
Па яго прыйшлі 26 верасня 1937 года. Крывавы год, які забраў жыцці вялікай колькасці людзей. Падставай для арышту з’явілася тое, што святар даваў чытаць сваім знаёмым “Житии святых”, што прыроўнівалася ў тыя часы да літаратуры антысавецкага зместу. Другой прычынай для арышту сталася блізкае знаёмства айца Дзімітрыя з епіскапам Філарэтам (Раменскім), які знаходзіўся ў той час у турме НКУС БССР г. Мінска.
На допытах айца Дзімітрыя прымушалі прызнацца ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай арганізацыі. Але свяшчэннапакутнік трымаўся цвёрда, ні ў чым не прызнаўся, ні на кога не данёс, на супрацоўніцтва з уладай не пайшоў. Айцец Дзімітрый паводзіў сябе з выключнай мужнасцю.
Пра гэта сведчыць, да прыкладу, пратакол допыту айца Дзімітрыя ад 25 кастрычніка 1937 года.
“Пытанне: Вы абвінавачваецеся ў тым, што з’яўляліся ўдзельнікам контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганізацыі. Раскажыце следству праўду!
Адказ: У прад’яўленым мне абвінавачванні вінаватым сябе не прызнаю.
Пытанне: Следствам устаноўлена, што Вы былі завербаваны ў контррэвалюцыйную арганізацыю, яшчэ раз патрабую адкрыта расказаць пра сваю контррэвалюцыйную дзейнасць!
Адказ: Я ні ў якую контррэвалюцыйную арганізацыю завербаваны не быў і контррэвалюцыйнай дзейнасці не праводзіў.
Пытанне: Усё гэта нахабная хлусня! Вы былі завербаваныя ў контррэвалюцыйную арганізацыю епіскапам Філарэтам (Раменскім).
Адказ: Такога ніколі не было, мяне Раменскі і, наогул, ніхто ў контррэвалюцыйную арганізацыю не вербаваў”.
Акрамя айца Дзімітрыя былі арыштаваны прыхаджане Смалявіцкай царквы: Адам Сямёнавіч Паповіч (жыхар вёскі Мікалаевічы Забалоцкага сельсавета), Рыгор Францавіч Розум (жыхар вёскі Чарнікоўшчына), Радзівон Васільевіч Якубіцкі (са Смалявічаў). Усе яны ўваходзілі ў царкоўны савет, за што і былі арыштаваныя. Кожнага з іх асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі з заключэннем у канцлагеры.
Разгляд па справе праводзіла Асобая тройка НКУС. Расследаванні гэтых часова арганізаваных крымінальных органаў, якія дзейнічалі ў 1937-1938 гадах па ўказе Мікалая Яжова, практычна без выключэння завяршаліся абвінавачваннем.
19 лістапада 1937 года святару Дзімітрыю Плышэўскаму прысудзілі смяротнае пакаранне праз расстрэл.
19 студзеня 1938 года, на Богаяўленне, айцец Дзімітрый быў забіты і пахаваны ў агульнай невядомай магіле…
Абставіны яго пакутніцкай смерці нечакана праясніліся праз некалькі гадоў. Калі пачалася вайна з фашыстамі, да матушкі айца Дзімітрыя, якая жыла ў гады акупацыі ў сваёй дачкі Леанілы ў Мінску на вуліцы Беламорскай, прыйшоў невядомы чалавек, які сказаў, што “айца Дзімітрыя шукаць больш не трэба, яго пакаралі смерцю”, і дадаў, што пакаранне адбывалася наступным чынам: “для яго выкапалі яму, сагналі туды шмат святароў і закапалі іх жыўцом трактарамі”. У пацверджанне сваіх слоў незнаёмец паказаў родным іерэйскі крыж айца Дзімітрыя і сышоў, пажадаўшы застацца невядомым…
Пастановай Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 28 кастрычніка 1999 года айцец Дзімітрый Плышэўскі праслаўлены як мясцовашануемы святы. Архіерэйскім Юбілейным Саборам РПЦ 2000 года імя свяшчэннапакутніка Дзімітрыя Плышэўскага ўнесена ў Сабор новапакутнікаў і спавядальнікаў Расійскіх для агульнацаркоўнага шанавання. Дні памяці: 21 студзеня (8 лютага па старым стылі).
Штогод 21 студзеня ў смалявіцкім храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца адбываецца святочнае набажэнства, у час якога славіцца імя свяшчэннапакутніка Дзімітрыя Плышэўскага. Згадваюцца трагічныя абставіны лёсу святара Дзімітрыя, які ў цяжкія гады ганенняў здзяйсняў пастырскае служэнне ў смалявіцкай царкве Свяціцеля Мікалая Цудатворца, застаўся верным Праваслаўю і аддаў сваё жыццё за веру Хрыстову.
…Звернемся да гісторыі лёсу яшчэ аднаго свяшчэннапакутніка зямлі Беларускай – Уладзіміра Зубковіча, які ў 1930-х гадах служыў разам са святаром Дзімітрыем Плышэўскім у смалявіцкім храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца.
У в. Смалявічы Барысаўскага павета Мінскай губерні ў сям’і мясцовага святара Гаўрыіла Зубковіча 26 сакавіка 1863 года нарадзіўся сын Уладзімір. Атрымаў першапачатковую адукацыю ў Мінскім духоўным вучылішчы, а пасля працягваў вучобу ў Мінскай духоўнай семінарыі, якую скончыў у чэрвені 1885 года з першаразрадным атэстатам і званнем студэнта.
На працягу двух гадоў Уладзімір служыў малодшым кантралёрам у Мінскім акцызным упраўленні. А ў 1887 годзе быў прызначаны псаломшчыкам у Старчыцкую царкву Ігуменскага павета Мінскай губерні. 29 чэрвеня 1888 года быў пасвечаны ў дыякана, а ў хуткім часе адбылася яго святарская хіратанія з прызначэннем у Мікольскую царкву Мінскага павета. Але 23 снежня 1888 года ў адпаведнасці з уласным прашэннем ён быў пераведзены другім святаром у Смалявічы – на прыход, дзе з 10 студзеня 1856 года служыў яго бацька, айцец Гаўрыіл Міхайлавіч Зубковіч.
Неўзабаве айца Уладзіміра напаткала гора – памерла жонка. Дзяцей пакуль у іх не было, таму пасля смерці жонкі святар застаўся адзінокім удаўцом. Але айцец Уладзімір не заняпаў душой. Ён пакорліва прыняў волю Божую і цалкам аддаўся служэнню Царкве. Не будучы ўжо абцяжараным сямейнымі клопатамі, айцец Уладзімір вырашыў працягваць духоўную адукацыю.
У канцы жніўня 1891 года ён выехаў у Пецярбург і падаў прашэнне аб залічэнні яго вольным слухачом у Пецярбургскую духоўную акадэмію. Аднак і тут святара чакалі непрыемнасці. Паводле распараджэння мітрапаліта Санкт-Пецярбургскага не прымаць у Акадэмію вольных слухачоў, у прашэнні яму было адмоўлена.
30 жніўня 1896 года епархіяльным кіраўніцтвам айцец Уладзімір быў прызначаны назіральнікам царкоўна-прыходскіх школ Барысаўскага павета.
З 12 жніўня 1900 года айцец Уладзімір Зубковіч быў пераведзены са Смалявіч на пасаду настаўніка Мінскага жаночага вучылішча духоўнага ведамства, выкладаў Закон Божы і служыў у царкве пры вучылішчы. Аднак ужо 16 сакавіка 1901 года ў адпаведнасці з уласным прашэннем вярнуўся на месца настаяцеля ў Смалявічы.
16 жніўня 1907 года айцец Уладзімір быў прызначаны ў Мінск на пасаду памочніка інспектара Мінскай духоўнай семінарыі. Падчас службы ў семінарыі, ён уваходзіў у семінарскае Кірыла-Мяфодзіеўскае брацтва, якое аказвала матэрыяльную дапамогу маламаёмасным выхаванцам. Акрамя таго, ён нейкі час выконваў абавязкі скарбніка Мінскага аддзела Імператарскага Палясцінскага Таварыства. У гэты час святар таксама супрацоўнічаў з Мінскім царкоўным гістарычна-археалагічным музеем.
30 студзеня 1914 года айцец Уладзімір прызначаны на штатную пасаду памочніка інспектара Мінскай духоўнай семінарыі.
Інспектар семінарыі характарызаваў айца Уладзіміра як чалавека, “глыбокая рэлігійнасць і дабранамернасць якога з’яўляліся фактарам, што павышалі яго дабратворны ўплыў на выхаванцаў”, а Пётр Фёдаравіч Палянскі, рэвізор семінарыі, у 1911-1912 навучальным годзе пісаў пра айца Уладзіміра, што ён “чалавек сардэчны, сціплы, уважлівы да выхаванцаў”.
З гадамі здароўе святара пагаршалася. Ён стаў усё часцей хварэць і 21 ліпеня 1915 года па стане здароўя вымушаны быў звольніцца з пасады памочніка інспектара семінарыі і падаць дакументы для афармлення пенсіі. Аднак высветлілася, што для атрымання пенсіі святару не хапае двух гадоў службы, і ён зноў накіраваў прашэнне начальству аб прызначэнні яго на службу па духоўным ведамстве. Таму ў чэрвені 1916 года пастановай Святога Сінода айцец Уладзімір быў прызначаны на пасаду памочніка інспектара Тамбоўскай духоўнай семінарыі, дзе служыў да самага яе закрыцця бальшавіцкай уладай.
Страціўшы працу, айцец Уладзімір Зубковіч вярнуўся на свой родны прыход у Смалявічы.
Спачатку айцец Уладзімір падзяляў пастырскія справы з протаіерэем Уладзімірам Зенюком, які з 1908 года з’яўляўся настаяцелем прыходскай царквы Свяціцеля Мікалая ў Смалявічах. (На Смалявіцкіх могілках па вул. Сацыялістычнай, недалёка ад варот, злева ад дарогі, можна ўбачыць унікальны надмагільны помнік. Тут знаходзіцца месца апошняга спачыну святара Уладзіміра Пятровіча Зенюка.)
Праз некаторы час айцец Уладзімір Зубковіч зноў узначаліў прыход і працягваў служыць са святаром Дзімітрыем Плышэўскім, будучым свяшчэннапакутнікам.
У Смалявічах айцу Уладзіміру давялося перажыць цяжкія выпрабаванні, якія клікалі яго на подзвіг спавядальніцтва. У 1930-ыя гады яго неаднаразова выклікалі ў НКУС, дзе патрабавалі адрачыся ад сану святара і здзекаваліся, імкнучыся справакаваць які-небудзь інцыдэнт. Аднак айцец Уладзімір усё пераносіў мужна і цярпліва. Нават калі ў 1935 годзе ўлады закрылі ў Смалявічах царкву, айцец Уладзімір, нягледзячы на пагрозы, таемна хрысціў дзяцей.
29 снежня 1937 года айца Уладзіміра арыштавалі, абвінаваціўшы ў прыналежнасці да так званай “шпіёнскай контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганізацыі”, якую быццам бы ўзначальваў епіскап Бабруйскі Філарэт (Раменскі), што было абсалютнай хлуснёй. З уладыкам Філарэтам айцец Уладзімір разам служыў да рэвалюцыі ў Мінскай духоўнай семінарыі.
У 1924 годзе епіскап Філарэт прыязджаў да яго на прыход. Сустракаліся яны і пазней, але, вядома, ні ў якія контррэвалюцыйныя арганізацыі не ўваходзілі. Падчас допытаў айцец Уладзімір не здрадзіў свайму сумленню, мужна вытрымаўшы ўсе выпрабаванні. Па прыгаворы Асобай тройкі НКУС 74-гадовы святар быў расстраляны ў г. Мінску 31 студзеня 1938 года.
12 снежня 1999 года протаіерэй Уладзімір Зубковіч быў праслаўлены ў ліку мясцовашануемых святых – 23-х новапакутнікаў Мінскай епархіі, а на Юбілейным Архіерэйскім Саборы ў 2000 г. – у ліку новапакутнікаў і спавядальнікаў Расійскіх XX ст. Дзень памяці – 15/28 кастрычніка (у Саборы новапакутнікаў Мінскай епархіі) і ў Саборы новапакутнікаў і спавядальнікаў Расійскіх.
Аднаўленне гістарычнай памяці пра перажытае Царквою ў ХХ ст. з’яўляецца жыццёвай неабходнасцю на парозе ІІІ тысячагоддзя пасля Нараджэння Хрыстовага. Гэта наш маральны доўг перад пакаленнямі тых людзей, якія сваім самаахвярным служэннем людзям і Госпаду, сваім подзвігам пакутніцтва і спавядальніцтва далі магчымасць напрыканцы ХХ стагоддзя адрадзіць царкоўнае жыццё, што дзесяцігоддзямі падвяргалася ганенням з боку ўлады.
Цяпер Беларускай Праваслаўнай Царквой услаўлены 23 новапакутнікі. Цягам часу спіс гэты, верым, будзе папаўняцца новымі імёнамі тых, хто выканаў найвышэйшы Божы запавет: “большай любові ні ў кога няма, як тая, калі хто душу сваю паложыць за сяброў сваіх” (Ін. 15, 13). Іх высокім подзвігам мы мацуемся і сёння. І памяць пра свяшчэннапакутнікаў і спавядальнікаў Беларускай зямлі будзе жыць з веку ў век.
4 лютага 2018 года па благаславенні епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага, цяпер Высокапраасвяшчэннейшага Веніяміна, мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі адбылося святкаванне 80-годдзя з дня скону свяшчэннапакутнікаў Дзімітрыя Плышэўскага і Уладзіміра Зубковіча.
Урачыстая Божая літургія адбывалася ў храме ў гонар Мінскай іконы Божай Маці г. Смалявічы, на тэрыторыі якога наладжана выстава “Новапакутнікі Барысаўскай епархіі”.
У смалявіцкім Палацы культуры ўдзельнікі ўрачыстасцяў мелі магчымасць паглядзець падрыхтаваны фільм пра свяшчэннапакутнікаў Дзімітрыя Плышэўскага і Уладзіміра Зубковіча, паслухаць канцэрт духоўнай музыкі, святочны хор Пакроўскага прыхода Азярыцкай Слабады пад кіраўніцтвам Вольгі Ясюкевіч.
У той жа дзень Высокапраасвяшчэннейшы ўладыка Веніямін асвяціў устаноўленую на фасадзе смалявіцкага храма Мінскай іконы Божай Маці мемарыяльную дошку ў гонар свяшчэннапакутнікаў Дзімітрыя Плышэўскага і Уладзіміра Зубковіча.
Шануючы подзвіг нашых землякоў, свяшчэннапакутнікаў Дзімітрыя Плышэўскага і Уладзіміра Зубковіча, якія абралі шлях святарства, а пасля мужна прынялі пакуты за веру Хрыстову, заўсёды памятаем словы кондака Сабору Беларускіх святых: “Божии угодницы Белорусския земли ныне со дерзновением предстоят Престолу Святыя Троицы и невидимо за ны молятся Богу, о крае нашем, прося нам мир и велию милость”.
Менавіта да іх, нашых святых, свяціцеляў і пакутнікаў, прападобных і праведных, якімі ўшанаваў Гасподзь наш Беларускі край, мы і сёння звяртаемся: “Маліцеся за нас перад Госпадам, і прынясем добры плод верай і справамі”.
Падрыхтоўка матэрыялу для сайта oroik. by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.
Пераклад на беларускую мову Ларысы ПШАНІЧНАЙ.
Крыніцы:
borisoveparhia. by
https://borisov-spas.by
sppsobor. by
pokrov. by
http://oroik.by
obitel-minsk. ru
http://www.newmartyros.ru
http://kraism.by
http://svjatye-obitel.ru
radzima.org
drevo-infor. ru
parichi.by
info.wikireading. ru
Протаіерэй Феадор Крыванос. Димитрий Плышевский. Священник и священномученик: http://kraism.by/info-region/9976-dmitriy-plyshevskiy-svyaschennik-i-svyaschennomuchenik